Брэтонцы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Брэтонцы (саманазва: Bretoned, Breizhiz) — этнас кельцкага паходжаньня, які паходзіць з прадстаўнікоў плямёнаў брытаў, што ў раньнім Сярэднявеччы перасяліліся на тэрыторыю сучаснае Францыі з паўднёвага захаду востраву Брытанія. Найбліжэйшымі этнічнымі групамі зьяўляюцца сучасныя кельцкія народы[2], у прыватнасьці, тыя, што бяруць уласнае паходжаньне з брыцкіх плямёнаў кельтаў (валійцы, корнцы); таксама пэўную блізкасьць да брэтонцаў праяўляюць някельцкі паводле паходжаньня францускі этнас[2]. Гістарычны арэал расьсяленьня — паўвостраў Брэтанія, разьмешчаны на паўночным захадзе цяперашняй Францыі.
Брэтонцы | |
1-ы рад: Наміноэ • Іва Брэтонскі | |
Колькасьць | ~ 1 млн. чалавек |
---|---|
Рэгіёны пражываньня |
Францыя ~ 1 млн. чал., Канада ~ 14 290 чал.[1] |
Мовы | брэтонская, француская мовы |
Рэлігія | хрысьціянства (каталіцызм) |
Блізкія этнасы | іншыя кельцкія народы (у прыватнасьці, брыцкія), французы |
Нацыянальная мова — брэтонская, якая роднасная мовам іншых кельцкіх народаў і асабліва збліжаная з валійскай і корнскай мовамі. Традыцыйна распаўсюджаная толькі на захадзе гістарычнага арэалу брэтонцаў, у г.зв. Ніжняй Брэтаніі. На цяперашні час носьбітамі брэтонскае мовы зьяўляюцца прыкладна 365 тыс. чалавек, зь якіх каля 240 тыс. валодаюць ёю вольна[3]. Большая частка сучасных прадстаўнікоў брэтонскага этнасу выкарыстоўвае францускую мову.
З прычыны адсутнасьці ў перапісной палітыцы Францыі практыкі збору інфармацыі аб этнічным разьмеркаваньні насельніцтва краіны цяперашняя дакладная колькасьць брэтонцаў цяжка паддаецца падліку. Насельніцтва сучаснае францускае правінцыі Брэтань, якая не супадае з гістарычнай Брэтаніяй, паводле зьвестак на 2013 год складала 3 259 659 чалавек, насельніцтва суседняга дэпартамэнту Люара Атлянтычная, што разам з правінцыяй Брэтань акрэсьлівае гістарычны рэгіён, складала 1 322 404 чалавек, што разам дае насельніцтва гістарычнага рэгіёну Брэтанія колькасьцю ў 4 582 063 чалавекі[4][5]. Разам з тым, згодна са зьвесткамі на 1914 год, больш за 1 млн. чалавек з насельніцтва Ніжняе Брэтаніі зьяўляліся носьбітамі брэтонскае мовы, што складала 90% ад насельніцтва гэтага рэгіёну.
Гістарычныя чыньнікі абумовілі існаваньне брэтонскае дыяспары ў іншых рэгіёнах Францыі, а таксама ў франкамоўных краінах і рэгіёнах сьвету, што раней мелі статус калёніяў Францыі. На цяперашні час каля 1 млн. чал. з насельніцтва сталічнага рэгіёну Францыі мае брэтонскае паходжаньне, прыкметныя брэтонскія дыяспары прадстаўленыя таксама ў ЗША й Канадзе (асабліва ў правінцыі Квэбэк). Частка першых эўрапейскіх перасяленцаў у Францускую Заходнюю Індыю (Гвадэлюпа, Мартыніка) паходзіла з Брэтаніі, праз што на памянёных астравох дагэтуль захоўваюцца рэшткі брэтонскае культуры. Таксама значнымі культурнымі асяродкамі брэтонцаў па-за Брэтаніяй зьяўляюцца мест Гаўр і парыскі квартал Манпарнас.