Вялікая дэпрэсія
From Wikipedia, the free encyclopedia
Вялікая дэпрэсія (па-ангельску: Great Depression) — рэцэсія сусьветнай эканомікі, якая пачалася ў большасьці месцаў у 1929 і скончылася ў пачатку 1933 году.
Да 1939 году сьвет выходзіў з дэпрэсіі, таму 1930-я ўвогуле лічацца пэрыядам Вялікай дэпрэсіі. У вузкім сэнсе гэты тэрмін прымяняецца толькі ў дачыненьні да ЗША, а ў дачыненьні да ўсяго сьвету гавораць пра сусьветны эканамічны крызіс. Спад найбольш закрануў разьвітыя краіны Захаду: ЗША, Канаду, Вялікабрытанію, Нямеччыну й Францыю. Моцна пацярпелі прамысловыя гарады, у шэрагу краін практычна спынілася будаўніцтва, цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю з-за адсутнасьці плацежаздольнага попыту ўпалі на 40—60%[1].
Прычынай эканамічнага крызісу, верагодна, стала сукупнасьць фактараў: недахоп грашовай масы, крызіс перавытворчасьці, імклівы прырост насельніцтва, скарачэньне міжнароднага гандлю, біржавыя спэкуляцыі, зьмяншэньне ваенных заказаў па заканчэньні Першай сусьветнай вайны. Пад канец пэрыяду рэцэсіі ўзровень прамысловай вытворчасьці быў адкінуты да ўзроўню пачатку XX стагодзьдзя. Колькасьць беспрацоўных у краінах Захаду дасягнула 30 млн чалавек, моцна пагоршыўся стан рабочых, фэрмэраў, дробных гандляроў, прадстаўнікоў сярэдняй клясы, многія зь іх апынуліся за рысай беднасьці. Вырасла колькасьць прыхільнікаў радыкальных ідэалёгіяў.
Як вынік Вялікай дэпрэсіі, кейнсіянскія падыходы ў эканоміцы пацясьнілі клясычны эканамічны лібэралізм і дамінавалі да 1970-х. Вялікая дэпрэсія стала асноўным фактарам усталяваньня сацыял-дэмакратыі й плянаванай эканомікі ў эўрапейскіх краінах пасьля Другой сусьветнай вайны.