Парафія
царкоўная адміністрацыйная адзінка / From Wikipedia, the free encyclopedia
Парафія (прыход[1]; грэц. παροικία ад грэц. παρά + οἶκος — каля + дом; лац. paroecia) — базавая арганізацыйная адзінка ў хрысьціянскіх Цэрквах. Згодна з тэалягічнай канцэпцыяй, парафія — гэта акрэсьленая супольнасьць вернікаў, утвораная ў сталы спосаб у япархіі (дыяцэзіі), пастырская апека над якой даручана прасьвітару. Цэнтрам жыцьця парафіі зьяўляецца парафіяльны храм.
За парафію адказвае адзін сьвятар-прасьвітар, які выступае ад яе імя перад царкоўнымі ўладамі. У беларускіх рыма-католікаў яго традыцыйна называюць пробашчам, у грэка-католікаў з часоў Уніі прынята называць парахам, а ў праваслаўных найчасьцей — "настаяцель". У парафіі могуць быць іншыя парафіяльныя супрацоўнікі, якія яму дапамагаюць — вікарыі, капэляны, рэзыдэнты. У дапамогу прасьвітару ў парафіі ствараюцца парафіяльныя рады зь сьвецкіх вернікаў, якія дапамагаюць у вырашэньні пастырскіх і эканамічных справаў.
Інстытут парафіі існуе ў Царкве з IV стагодзьдзя. Яго ўтварэньне зьвязанае з распаўсюджаньнем хрысьціянства ў сельскай мясцовасьці. Значэньне і роля парафіі былі вызначаны ў 1215 г. на Чацьвёртым Латэранскім Саборы. Як правіла, парафія мае тэрытарыяльны характар і ахоплівае вернікаў пэўнай тэрыторыі. У Каталіцкай Царкве, аднак, калі існуе патрэба, епархіяльны біскуп можа ўтвараць асабовыя парафіі: паводле нацыянальнасьці, мовы або нейкага іншага крытэра.
У праваслаўнай Царкве ў Беларусі панятак "парафія" найчасьцей перадаецца словам прыход.