Пісьмо
сыстэма запісу мовы / From Wikipedia, the free encyclopedia
Пісьмо́, пісьмо́васьць — гэта ўсё тое, што прыводзіць да стварэньня надпісаў у цэлым[1][2]. У Заходняй культуры пад пісьмом часьцей за ўсё маецца на ўвазе толькі прадстаўленьне мовы ў тэкставым выглядзе з дапамогай набору знакаў альбо сымбаляў (вядомых як пісьменства). Пры пісьме могуць выкарыстоўвацца абстрактныя сымбалі, якія адлюстроўваюць фанэтычныя элемэнты маўленьня, як, напрыклад, у індаэўрапейскіх мовах, альбо могуць выкарыстоўвацца спрошчаныя выявы аб'ектаў і паняткаў, як ва ўсходнеазіяцкай і старажытнаэгіпецкай піктаграфічных пісьмовых формах. Тым ня менш, яны адрозьніваюцца ад ілюстрацый, такіх як наскальныя малюнкі і жывапіс, а таксама ад нясымбальных спосабаў захоўваньня маўленьня на нятэкставых носьбітах інфармацыі, напрыклад, на магнітных аўдыёкасэтах.
Вывучэньнем пісьма як асаблівай знакавай сыстэмы займаюцца такія дысцыпліны, як граматалёгія, эпіграфіка і палеаграфія.
Пісьмо зьяўляецца пашырэньнем чалавечае мовы ў часе і прасторы. Часьцей за ўсё пісьмо узьнікала ў выніку палітычнай экспансіі старажытных культураў, якія мелі патрэбу ў надзейных сродках перадачы інфармацыі, падтрыманьні фінансавай справаздачнасьці, захаваньні гістарычнай памяці і аналягічнай дзейнасьці. У IV стагодзьдзі да нашае эры складанасьць гандлёвых адносінаў і адміністрацыйнага кіраваньня пераўзвысілі здольнасьці чалавечае памяці, і пісьмо стала больш найдзеным спосабам уліку і прадстаўленьня ўзаемадзеяньняў на пастаяннай аснове[3]. Як у Мэсаамэрыцы, гэтак і ў Старажытным Эгіпце пісьмо разьвівалася праз календары і палітычную неабходнасьць запісу грамадзкіх і прыродных падзей.