Таварыства філяматаў
таемнае студэнцкае таварыства ў Расейскай імпэрыі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Тавары́ства філяма́таў (ад грэцкага «аматары навук») — таемнае патрыятычнае і асьветніцкае аб’яднаньне студэнтаў Віленскага ўнівэрсытэту, якое дзейнічала ў 1817—1823 гадох. За ўвесь час свайго існаваньня ў таварыства ўваходзіла дзевятнаццаць чалавек[1].
Таварыства філяматаў | |
Т. Зан, І. Дамейка, А. Міцкевіч, А. Э. Адынец, Я. Чачот (1889) | |
Дата ўтварэньня | 1 кастрычніка 1817 (206 гадоў таму) |
---|---|
Дата спыненьня існаваньня | 1823 |
Тып | асьветніцкае |
Юрыдычны статус | таемнае таварыства |
Мэта | Паглыбленьне адукацыі |
Штаб-кватэра | Віленскі ўнівэрсытэт |
Месцазнаходжаньне | Вільня, Расейская імпэрыя |
Сяброўства | 21 чалавек (1822) |
Старшыня | Юзэф Яжоўскі |
Сакратар | Тамаш Зан |
Зьвязаныя кампаніі | Зьвяз сяброў, Гурток прамяністых, Таварыства філярэтаў, Таварыства паэтаў |
Колькасьць валянтэраў | 5 (1819) |
З кола філяматаў выйшлі буйныя постаці тагачаснай навукі і мастацтва: Ян Чачот — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, Адам Міцкевіч — клясык польскай літаратуры, Ігнат Дамейка — сусьветна вядомы вучоны-геоляг, дасьледнік і нацыянальны герой Чылі, рэктар нацыянальнага ўнівэрсытэту ў Сант’яга, Юзэф Кавалеўскі — заснавальнік манголазнаўства ў Расеі, рэктар Казанскага ўнівэрсытэту і іншыя[2].
Галоўнай мэтай філяматы лічылі падрыхтоўку моладзі да рознабаковай дзейнасьці на карысьці айчыны. Яна прадугледжвала глыбокае авалодваньне разнастайнымі навуковымі ведамі, замежнымі мовамі і ўласную творчасьць. Кожны філямат павінен быў на працягу году прадставіць 4 творы, 4 рэцэнзіі, 10 навуковых паведамленьняў. Вялікая ўвага надавалася абуджэньню нацыянальнай сьвядомасьці, прапагандзе гуманізму. Галоўная роля ў гэтым адводзілася гуманітарным навукам, найперш — гісторыі. Філяматы трактавалі веды і навуку як найвышэйшыя каштоўнасьці чалавека.