Цішыня (стралецка-гранатамётны комплекс)
From Wikipedia, the free encyclopedia
7,62/30-мм стралецка-ґранатамётны комплекс «Цішыня» або АСК-1[3][4] (Адмысловы Стралецкі Комплекс; па-расейску: Специальный Стрелковый Комплекс) — савецкі бязгучны стралецка-ґранатамётны комплекс[5], прыняты на ўзбраеньне брыґадаў адмысловага прызначэньня Савецкай Арміі ды адмыспрыза памежвойскаў КДБ СССР у 70-х роках XX стагодзьдзя[6]. Мэтаю стварэньня комплексу было падвышэньне агнявое моцы дывэрсійных падразьдзелаў пры патайным зьнішчэньні камандных пунктаў суперніка, ягонае тылавое інфраструктуры, ракетна-артылерыйскіх усталяваньняў на маршы і на агнявых пазыцыях, авіятэхнікі на аэрадромах і г.д.[2]
АСК-1 | |
---|---|
«Цішыня» | |
Тып | стралецка-ґранатамётны комплекс |
Краіна паходжаньня | СССР |
Гісторыя выкарыстаньня | |
Войны | Аўґанска-савецкая вайна[1] |
Гісторыя вытворчасьці | |
Канструктар | Рыгор Пятрапаўлаў[2] |
Дата стварэньня | 1970-я |
Вытворца | ЦНДІдакмаш (Клімаўск) |
Характарыстыкі | |
Вага | 5,85 кґ (без ґранатаў ды набояў) 1,90 кґ (толькі ґранатамёт) |
Даўжыня | 900 мм (з адкінутым прыкладам) |
Патрон | 7,62×39 мм |
Калібр | 7,62 мм |
Прынцып дзеяньня | адвод парахавых ґазаў, паваротная засаўка, збалянсаваная аўтаматыка |
Пачатковая хуткасьць кулі: |
~300 стр/хв (куля) 105 стр/хв (ґраната) |
Прыцэльная далёкасьць |
300 м |
Від боясілкаваньня | скрынчаты набойнік на 30 набояў |
Прыцэл | рэґуляваны адкрыты |
Канструкцыйна ўяўляў сабою аўтамат Калашнікава АКМСБ з глушніком ПБС-1 ды 30-мм бязгучным ґранатамётам БС-1[7]; заразом эфэкт бязгучнасьці пры вядзеньні агню з аўтамата з глушніком дасягаўся толькі пры ўжываньні сумесна з адмысловымі набоямі УС[8] (азначнік ГРАК 57-Н-231У)[9].
Ґранатамёт прымыкаецца да ніжняе часткі цаўя і рулі аўтамата, што мае адпаведныя вузлы мацаваньня. Такім чынам, у адрозьненьне ад 40-мм падрульнага ґранатамёта ҐП-25 «Вогнішча» (ҐП-30 «Абутак»), бязгучны ґранатамёт ня можа далучацца да хоць якога штатнага аўтамата[10]. То бок літара «Б» у назьве аўтамата (АКМСБ) значыла ня «бязгучны», бо глушнік ПБС-1 можна было ўсталяваць на хоць які штатны АКМ/АКМС (у адрозьненьне ад АКС-74УБ — ягоны глушнік ПБС-4 мог усталёўвацца толькі на ўзоры, адмыслова мадыфікаваныя на заводзе); у гэтым выніку літара «Б» пазначала, што гэты аўтамат мае мацаваньне для ўсталяваньня ґранатамёта БС-1.
Падчас баявых дзеяў на тэрыторыі рэспублікі Аўґаністан комплекс атрымаў станоўчую адзнаку сярод вайскоўцаў АКСВА; аднак выказвалася меркаваньне, што значную вагу і агульныя ґабарыты зброі зьніжалі эфэктыўнасьць манэўраваньня агнём і некалькі абцяжарвалі ягонае баявое ўжываньне[1].
Празь пераход узброеных сілаў СССР на намэнклятуру стралецкіх боепрыпасаў калібру 5,45×39 мм[7] быў выцесьнены стралкова-ґранатомётным комплексам 6С1 «Канарка»[3].