Грамадзя́нская вайна́ ў Руа́ндзе — ваенны канфлікт, які насіў характар грамадзянскай вайны і меў месца ў Руандзе з 1 кастрычніка 1990 года па 18 ліпеня 1994 года паміж дзяржаўнымі Узброенымі Сіламі Руанды і паўстанцамі Руандыйскага Патрыятычнага Фронту (РПФ). Адной з галоўных прычын вайны з’яўляліся старыя рознагалоссі, якія цягнуліся шмат гадоў паміж этнічнымі групамі хуту і тутсі, якія складалі большасць насельніцтва Руанды. Руандыйская Рэвалюцыя 1959–1962 гадоў прывяла да таго, што манархія на чале з тутсі была зрынута і заменена рэспублікай на чале з хуту. У выніку гэтага, больш за 336 000 тутсі былі вымушаныя шукаць прытулак у суседніх краінах. Менавіта такая група бежанцаў-тутсі ва Угандзе і стварыла Руандыйскі Патрыятычны Фронт (РПФ) на чале з Фрэдам Руіг’емам і Полем Кагамэ. Пад канец 1980-х гадоў гэта арганізацыя стала цалкам баяздольнай арміяй.
Хуткія факты Грамадзянская вайна ў Руандзе, Дата ...
Закрыць
Вайна пачалася 1 кастрычніка 1990 года, калі РПФ уварваўся ў паўночна-ўсходнюю частку Руанды, прайшоўшы 60 км па тэрыторыі краіны. Зрэшты, паспяховае наступленне хутка было спынена ўжо на другі дзень, калі быў забіты Фрэд Руіг’ема — адзін з лідараў РПФ. Узброеныя Сілы Руанды, якім актыўна дапамагалі войскі з Францыі, атрымалі перавагу і амаль цалкам разбілі РПФ ужо пад канец кастрычніка. Поль Кагамэ на той момант знаходзіўся ў Злучаных Штатах Амерыкі, адкуль вымушаны быў вярнуцца, каб узяць камандаванне войскамі пад уласны кантроль. Ён адвёў армію РПФ у горы Вірунга на некалькі месяцаў, дзе яна рыхтавалася да контрнаступлення. РПФ пачала партызанскую вайну, якая працягвалася аж да сярэдзіны 1992 года, прычым ніводны з бакоў канфлікту не мог атрымаць перавагу. Серыя пратэстаў прымусіла Прэзідэнта Руанды Жувеналя Хаб’ярыману пачаць мірныя перагаворы з РПФ, а таксама з апазіцыйнымі партыямі самой Руанды. Нягледзячы на перашкоды, у тым ліку, і шматлікія забойствы людзей, што чынілі прадстаўнікі руху «Моц хуту» — экстрэмісцкай арганізацыі, якая была супраць любых дамоваў, — і нягледзячы на новае наступленне РПФ у пачатку 1993 года, перагаворы паспяхова скончыліся падпісаннем Арушскіх пагадненняў.
Пасля гэтага ўсталяваўся нестабільны мірны перыяд, на працягу якога Арушскія пагадненні паступова выконваліся. Войскі РПФ размясцілі лагер у Кігалі, а міратворчая Місія Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па Руандзе (МААНпР) была ўведзена на тэрыторыю краіны. Тым часам, рух «Моц хуту» паступова набіраў уплыў і планаваў «канчатковае вырашэнне пытання» з тутсі метадам фізічнага вынішчэння апошніх. План пачалі ажыццяўляць адразу жа пасля забойства Прэзідэнта Хаб’ярыманы 6 красавіка 1994 года. На працягу перыяду каля 100 дзён адбываўся генацыд у Руандзе, ахвярамі якога сталі, па розных падліках, ад 500 000 да 1 000 000 тутсі і ўмераных хуту. На фоне гэтых падзей РПФ неадкладна працягнуў грамадзянскую вайну. Асновай іх дзеянняў стаў паступовы захоп тэрыторыі праз акружэнне гарадоў і перакрыццё шляхоў забеспячэння. Пад сярэдзіну чэрвеня войскі РПФ акружылі сталіцу краіны, Кігалі, а 4 ліпеня занялі яе. У ліпені жа вайна і скончылася, калі РПФ заняў апошнія тэрыторыі, што кантраляваў часовы ўрад, які быў вымушаны збегчы ў Заір разам з, так званымі, генацыднікамі.
Такім чынам, РПФ на чале з Полем Кагамэ перамог у барацьбе за кантроль над краінай. Кагамэ фармальна займаў пасаду віцэ-прэзідэнта з 1994 па 2000 гады, але ў рэальнасці наўпрост кіраваў краінай. Была распрацавана праграма аднаўлення інфраструктуры і эканомікі краіны, адначасова ішлі судовыя справы над выканаўцамі генацыду і спробы дасягнення згоды паміж хуту і тутсі. У 1996 годзе ўрад Руанды, якім фактычна кіраваў РПФ на чале з Кагамэ, пачаў наступленне на лагер бежанцаў у Заіры, дзе жылі беглыя лідары папярэдняга рэжыму і мільёны этнічных хуту, што схаваліся, баючыся помсты за генацыд. Так пачалася Першая кангалезская вайна, у выніку якой быў зрынуты дыктатарскі рэжым Прэзідэнта Заіра Мабуту Сесе Секо. Зрэшты, сам Поль Кагамэ пайшоў падобным шляхам, устанавіўшы ў Руандзе асабістую дыктатуру. Па стане на красавік 2020 года, РПФ са сваім нязменным лідарам усё яшчэ маюць манаполію на рэальную ўладу ў Руандзе.