Паветы Літвы
адміністрацыйная адзінка першага ўзроўню ў Літве / From Wikipedia, the free encyclopedia
Паветы Літвы (літ. Lietuvos apskritys) — 10 адміністрацыйных адзінак, на якія падзеленая тэрыторыя Літвы.
Кожным паветам кіруе глава павета (літ.: apskrities viršininkas), якога прызначае ўрад краіны. Яго асноўная задача — гарантаваць выкананне на тэрыторыі павета Канстытуцыі Літоўскай Рэспублікі і законаў.
Паветы ўтвараюць тэрыторыі самакіраванняў (літ.: savivaldybė) 6 гарадоў, 2 курортаў і 43 раёнаў, а таксама 9 новаўтвораных самакіраванняў. Самакіраванні падзяляюцца на староствы (літ.: seniūnija).
Такім чынам, павет складаецца з розных адміністрацыйных адзінак. Напрыклад, Вільнюскі павет ахоплівае самакіраванне горада Вільнюса (тэрыторыя якога складаецца з 21 староства), самакіраванне Вільнюскага раёна, Эляктрэнайскае самакіраванне, самакіраванні Тракайскага, Укмяргскага, Шальчынінкайскага, Швянчонскага і Шырвінтаскага раёнаў. У сваю чаргу, напрыклад, Вільнюскі раён уключае горад Нямянчыне, мястэчкі Бяздоніс, Майшагала, Міцкунай, Шумскас, вёскі і падзелены на 23 староствы.
Самакіраванні буйных гарадоў (Алітус, Вільнюс, Каўнас, Клайпеда, Панявежыс, Шаўляй) ахопліваюць тэрыторыю аднаго горада (у некаторых выпадках з прадмесцямі). Самакіраванні курортаў (Паланга і Нярынга) уключаюць размешчаныя побач з імі населеныя пункты.