Беларусь
краіна ва Усходняй Еўропе / From Wikipedia, the free encyclopedia
Белару́сь (вымаўленнеⓘ; поўная назва Рэспу́бліка Белару́сьⓘ; руск.: Респу́блика Белару́сь) — дзяржава ва Усходняй Еўропе, на захадзе Усходне-Еўрапейскай раўніны. Тэрыторыя краіны — 207,6 тыс. км² (84-я ў свеце). Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2024 года — 9 156 тыс. чалавек. Працягласць з поўначы на поўдзень 560 км, з захаду на ўсход — 650 км.
Дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. У краіне 6 абласцей, складзеныя са 118 раёнаў; 113 гарадоў, 109 пасёлкаў гарадскога тыпу, 24 583 сельскія населеныя пункты (вёскі, аграгарадкі, пасёлкі, хутары).
Сталіца Рэспублікі Беларусь і найбуйнейшы горад дзяржавы — Мінск. Ён мае асаблівы статус горада рэспубліканскага падпарадкавання.
Унітарная дзяржава, парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка (але з моцным уплывам прэзідэнцкай улады ва ўсіх сферах дзяржаўнай палітыкі і законатворчасці). 20 ліпеня 1994 года пасаду прэзідэнта заняў Аляксандр Лукашэнка, які афіцыйна перамагаў на выбарах 2001, 2006, 2010 і 2015 гадоў. Неадназначная перамога на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года выклікала самыя масавыя акцыі пратэсту за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Нягледзячы на гэта, 23 верасня 2020 года Аляксандр Лукашэнка на таемнай інаўгурацыі зноў быў абвешчаны прэзідэнтам. Пры гэтым ён захаваў фактычную ўладу, але легітымнасць яго ўрада прызнаецца не ўсімі дзяржавамі свету. Самую моцную падтрымку рэжым Лукашэнкі атрымаў з боку Расійскай Федэрацыі[7][8].
На паўночным захадзе рэспубліка мяжуе з Літвой, на захадзе з Польшчай, на поўначы з Латвіяй, на ўсходзе з Расіяй, на поўдні з Украінай. Агульная даўжыня меж складае 2969 км.
Грашовая адзінка — беларускі рубель.
25 сакавіка 1918 года абвешчана незалежная Беларуская Народная Рэспубліка. 1 студзеня 1919 года была створана Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі, якая была адной з 4 савецкіх рэспублік, якая падпісала 30 снежня 1922 года Дагавор аб утварэнні СССР ужо як Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. 19 верасня 1991 гады краіна стала называцца Рэспубліка Беларусь, у гэты ж час былі прынятыя новыя герб і сцяг (заменены на сучасныя герб і сцяг 7 чэрвеня 1995 года па выніках рэферэндуму), а таксама новая канстытуцыя і грамадзянскі пашпарт. 8 снежня 1991 года было падпісана з Расіяй і Украінай пагадненне аб стварэнні Саюза Суверэнных Дзяржаў.
З’яўляецца членам-заснавальнікам ААН (як БССР), СНД, АДКБ, ЕўрАзЭС, Саюзнай Дзяржавы і ЕАЭС.