Тэорыя ўсяго (англ.: Theory of everything, TOE) — гіпатэтычная аб’яднаная фізіка-матэматычная тэорыя, якая апісвае ўсе вядомыя фундаментальныя ўзаемадзеянні. Першапачаткова дадзены тэрмін выкарыстоўваўся ў іранічным ключы для абазначэння разнастайных абагульненых тэорый[1]. З часам тэрмін замацаваўся ў папулярызацыі квантавай фізікі для абазначэння тэорыі, якая б аб’яднала ўсе чатыры фундаментальныя ўзаемадзеянні ў прыродзе. У навуковай літаратуры замест тэрміна «тэорыя ўсяго» выкарыстоўваецца тэрмін «адзіная тэорыя поля», тым не менш варта мець на ўвазе, што тэорыя ўсяго можа быць пабудавана і без выкарыстання палёў, нягледзячы на тое, што навуковы статус такіх тэорый можа быць спрэчным.
На працягу XX стагоддзя было прапанавана мноства «тэорый усяго», але ні адна з іх не змагла прайсці эксперыментальную праверку, ці існуюць значныя цяжкасці ў арганізацыі эксперыментальнай праверкі для некаторых з кандыдатаў. Асноўная праблема пабудовы навуковай «тэорыі ўсяго» заключаецца ў тым, што квантавая механіка і агульная тэорыя адноснасці (АТА) маюць розныя вобласці прымянення. Квантавая механіка ў асноўным выкарыстоўваецца для апісання мікрасвету, а агульная тэорыя адноснасці ўжываецца да макрасвету. СТА (спецыяльная тэорыя адноснасці) апісвае з’явы пры вялікіх хуткасцях, а АТА з’яўляецца абагульненнем ньютанаўскай тэорыі гравітацыі, якая аб’ядноўвае яе з СТА і распаўсюджвае на выпадак вялікіх адлегласцей і вялікіх мас. Непасрэднае сумяшчэнне квантавай механікі і спецыяльнай тэорыі адноснасці ў адзіным фармалізме (квантавай рэлятывісцкай тэорыі поля) прыводзіць да праблемы разыходнасці — адсутнасці канечных вынікаў для эксперыментальна правяраемых велічынь. Для вырашэння гэтай праблемы выкарыстоўваецца ідэя перанарміроўкі велічынь. Для некаторых мадэлей механізм перанарміровак дазваляе пабудаваць вельмі добра тэорыі, якія добра працуюць, але даданне гравітацыі (гэта значыць уключэнне ў тэорыю АТА як гранічнага выпадку для малых палёў і вялікіх адлегласцей) прыводзіць да разыходнасцей, якія прыбраць пакуль не ўдаецца. Хоць з гэтага зусім не вынікае, што такая тэорыя не можа быць пабудавана.