Узровень мора
From Wikipedia, the free encyclopedia
Узровень мора — палажэнне вольнай паверхні Сусветнага акіяна, якое вымяраецца па стромай лініі адносна некаторага ўмоўнага пачатку адліку. Гэтае палажэнне вызначаецца законам прыцягнення, момантам інерцыі Зямлі, тэмпературай, прылівамі і іншымі фактарамі. Адрозніваюць «імгненны», прыліўны, сярэднясутачны, сярэднямесячны, сэрэднегадавы і сярэднешматгадовы ўзроўні мора.
Пад уздзеяннем ветравага хвалявання, прыліваў, награвання і ахалоджвання паверхні мора, ваганняў атмасфернага ціску, ападкаў і выпарвання, рачнога і ледніковага сцёку ўзровень мора няспынна змяняецца. Сярэднешматгадовы ўзровень мора не залежыць ад гэтых ваганняў паверхні мора. Палажэнне сярэднешматгадовага ўзроўню мора вызначаецца размеркаваннем сілы цяжару і прасторавай нераўнамернасцю гідраметэаралагічных характарыстык (шчыльнасць вады, атмасферны ціск і інш.).
Пастаянны ў кожным месцы сярэднешматгадовы ўзровень мора прымаецца за зыходны ўзровень, ад якога адлічваюцца вышыні на сушы. Для адліку глыбінь мораў з малымі прылівамі гэты ўзровень прымаецца за нуль глыбінь — пазнаку ўзроўню вады, ад якой адлічваюцца глыбіні ў адпаведнасці з патрабаваннямі суднаходства. У Расіі і большасці іншых краін былога СССР, а таксама ў Польшчы, абсалютныя вышыні пунктаў зямной паверхні адлічваюць ад сярэднешматгадовага ўзроўню Балтыйскага мора, вызначанага ад нуля футштока ў Кранштаце[1]. Глыбіні і вышыні ў заходнееўрапейскіх краінах вылічаюцца па Амстэрдамскаму футштоку (замер узроўню Міжземнага мора робіцца па Марсельскаму футштоку)[2].
Для вымярэння і рэгістрацыі ваганняў узроўню мора выкарыстоўваюць марэограф.
З-за таго, што існуе мноства фактараў, якія ўплываюць на глабальныя змены надвор'я, (напрыклад, Глабальнае пацяпленне), прадказанні і ацэнкі змяненняў узроўню акіяна ў бліжэйшай будучыні не вызначаюцца вялікай дакладнасцю.