Аварыя на АЭС Фукусіма I
ядзерная катастрофа ў Японіі 2011 року / From Wikipedia, the free encyclopedia
Аварыя на АЭС Фукусіма I — сэрыя збояў абсталяваньня і выкідаў радыяцыі на АЭС Фукусіма I, якія пасьледвалі за землятрусам і цунамі ў Японіі 11 сакавіка 2011 году. Электрастанцыя ўлучала 6 кіпячых ядзерных рэактараў, падкантрольных Такійскай энэргетычнай кампаніі (TEPCO). Рэактары № 4, 5 і 6 былі адлучаныя да самога землятрусу на заплянаваны надгляд[2]. Астатнія рэактары былі выключаныя адразу пасьля землятрусу, але наступнае за ім цунамі затапіла станцыю і выклікала збой у працы дапаможных генэратараў, якія мусілі пампаваць ахалоджвальную вадкасьць у энэргаблёкі і кантраляваць іх. Наступствы цунамі і землятрусу пазбавілі АЭС магчымасьці станоўчага зьнешняга ўмяшальніцтва. 20 сакавіка сакратар кабінэта міністраў Юкіё Эдана заявіў, што пасьля ліквідацыі наступстваў аварыі аднавіць працаздольнасьць станцыі будзе немагчыма і яе зачыняць[3].
Аварыя на АЭС Фукусіма I | |
Краіна | Японія |
---|---|
Месца | Акума (прэфэктура Фукусіма) |
Тып катастрофы | радыяцыйная аварыя |
Прычына | затапленьне дапаможных генэратараў |
Дата | 11 сакавіка 2011 (13 гадоў таму) |
Час | 14:46 JST (UTC+9:00) |
Наступствы | |
Загінулі | 5 чалавек (па стане на 15.03.2011)[1] |
Параненыя | 22 чалавекі[1] (па стане на 15.03.2011) |
Зьніклі | 2 чалавекі[1] (па стане на 15.03.2011) |
Каардынаты | 37°25′17″ пн. ш. 141°01′57″ у. д. |
Аварыя на АЭС Фукусіма I | |
У наступныя дні адбылося частковае плаўленьне актыўнай зоны ў рэактарах № 1, 2 і 3; выбухі вадароду разбурылі верхнюю плякіроўку будынкаў рэактараў № 1, 3 і 4; выбух пашкодзіў шчытнасьць рэактара 2 і спрычыніў некалькі ўзгараньняў у 4-м рэактары. Праз боязь уцечкі радыяцыі, тэрыторыя радыюсам 20 км ад станцыі была эвакуяваная.
Рабочы пэрсанал TEPCO зь іншых кампаніяў, не засяроджаны на рабоце істотнага характару быў часова эвакуяваны пасьля таго, як быў пачуты выбух у камэры зьніжанага ціску 2-га рэактара[4]. Службоўцы вярнуліся пасьля пацьвярджэньня адсутнасьці мажлівай разгермэтызацыі на рэактары, але 16 сакавіка зноў эвакуяваліся пасьля значнага скачка радыяцыі[5][6][7]. 18 сакавіка японскія ўлады вызначылі 5-ы ўзровень небясьпекі на рэактарах № 1, 2 і 3 па 7-бальнай Міжнароднай шкале ядзерных падзеяў (INES)[8].
Важкасьць дадзенай катастрофы стала такой, што кіраўнікі шматлікіх краінаў выказалі заклапочанасьць(en). Уцечка радыяцыі па-за межы атамнай станцыі не была занадта высокай, каб канстатаваць якую-небудзь значную небясьпеку для насельніцтва, але японскі ўрад і TEPCO пацярпелі крытыку за нізкі ўзровень інфармаваньня па справе аварыі[9][10].
19 сакавіка 2011 году продаж вырашчанай ежы ў зоне Фукусіма быў забаронены праз выяўленыя ў Токіё сьляды забруджваньня пітной вады радыяактыўным ёдам[11][12].