Адраджэньне
пэрыяд у XIV—XVII стагодзьдзях / From Wikipedia, the free encyclopedia
Адраджэ́ньне, ці Рэнэса́нс (па-француску: Renaissance, па-італьянску: Rinascimento) — эпоха ў гісторыі культуры Эўропы, якая прыйшла на зьмену культуры Сярэднявечча й папярэднічала культуры новага часу. Прыкладнымі храналягічныя рамкамі эпохі зьяўляюцца пачатак XIV — апошняя чвэрць XVI стагодзьдзя. У той жа час, фармавацца эпоха пачала ў XIII стагодзьдзі, што было акрэсьлена асобным тэрмінам — протарэнэсанс.
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Адраджэньне (неадназначнасьць).
Як культурны рух, ён ахоплівае росквіт лацінскай і народнай літаратуры. У палітыцы Рэнэсанс спрыяў разьвіцьцю канвэнцыяў дыпляматыі, гэтак і ў навуцы больш шырокаму выкарыстаньню мэтаду назіраньня. Гісторыкі часьцяком спрачаюцца наконт ідэі, што гэты пэрыяд быў інтэлектуальнай трансфармацыяй і мостам паміж Сярэднявеччам і сучаснасьцю. Не зважаючы на тое, што ў часы Рэнэсансу назіраліся новыя падыходы й узрушэньні ў сацыяльнай сфэры й палітыцы, бадай, Адраджэньне перш за ўсё вядома сваімі мастацкімі творамі, такімі, як працы Леанарда да Вінчы й Мікелянджэлё[1][2].
Паводле самага распаўсюджаннага меркаваньня Рэнэсанс пачаўся ў Флярэнцыі, Італія, у XIV стагодзьдзі[3]. Розныя тэорыі прапанавалі для тлумачэньня ягонага паходжаньня й характарыстык, асаблівую сацыяльную, грамадзянскую й палітычную структуру Флярэнцыі, арыентуючыся на розных фактарах. Адным з галоўных фактараў сталася заступніцтва сям’і Мэдычы, якая мела вялізны ўплыў у гэтым італьянскім месцы[4]. Таксама пачатку Рэнэсансу спрыяла міграцыя грэцкіх навукоўцаў, якія прывозілі з сабой розныя тэксты й веды ў Італію, пасьля заваёвы Канстантынопалю туркамі-асманамі[5].
Адметная рыса эпохі Адраджэньня — сьвецкі характар культуры й ейны антрапацэнтрызм, то бок цікавасьць, у першую чаргу, да чалавека й ягонай дзейнасьці. Зьяўляецца цікавасьць да антычнай культуры, адбываецца ейнае «адраджэньне» — гэтак і зьявіўся тэрмін.
Эпоха Адраджэньня ставіла перад сабой дзьве задачы: падпадрадкаваць усе сілы прыроды розуму чалавека і ліквідаваць фэўдалізм. Першую задачу пасьпяхова вырашылі навукоўцы і мысьляры, другую — палітычныя дзеячы[6].