Гісторыя Ісьляндыі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Дакумэнтальны пэрыяд гісто́рыі Ісьля́ндыі пачынаецца з засяленьня яе вікінгамі і іхнімі рабамі з усходу, у прыватнасьці з Нарвэгіі і Брытанскіх астравоў, напрыканцы IX стагодзьдзя. У той час, як уся Заходняя Эўропа разьвівалася, Ісьляндыя дагэтуль ня была населеная. Першыя дакумэнтаваныя паселішчы вядомыя з 874 року, хоць археалягічныя знаходкі пацьвярджаюць, што гэльскія манахі зь Ірляндыі трапілі ў Ісьляндыю раней.
Засяленьне тэрыторыяў адбывалася хутка пераважна дзякуючы нарвэжцам, якія ці то ўнікалі канфліктаў, ці то шукалі незанятыя землі дзеля вядзеньня гаспадаркі. Да 930 року правадыры плямёнаў склалі кіраўнічы орган пад назваю Альтынг, які стаў адным з найстарэйшых парлямэнтаў у сьвеце. Напрыканцы X стагодзьдзя ў Ісьляндыю дзякуючы нарвэскаму каралю Оляфу Тругвасану прыйшло хрысьціянства. У гэты пэрыяд, вядомы як Старая Садружнасьць, Ісьляндыя заставалася незалежнай, і зьяўляюцца творы ісьляндзкіх гісторыкаў, вядомыя пад назай «сагі ісьляндцаў». У пачатку XIII стагодзьдзя адбыўся ўнутраны раздрай (эпоха Стурлюнгаў), і ў выніку Ісьляндыя праз унію (1262—1264) трапіла ў залежнасьць ад Нарвэгіі. У сваю чаргу Нарвэгія заключыла уніі з Швэцыяй (1319) і Даніяй (1376), утварыўшы адзіны зьвяз — Кальмарскую унію (1397—1523), пасьля распаду якое Ісьляндыя апынулася пад уладай Даніі. Строгая дацка-ісьляндзкая гандлёвая манаполія, уведзеная ў XVII—XVIII стагодзьдзях, стала згібельнай для эканомікі. Галеча Ісьляндыі ўзмацнялася яшчэ й прыроднымі катаклізмамі, напрыклад вывяржэньнем вулькану Лякі (ісьл. Móðuharðindin), ад наступстваў якога памерлі да чвэрці насельніцтва.
У XIX стагодзьдзі ў Эўропе паўстаюць нацыяналістычныя рухі, не выняткам становіцца і залежная ад Даніі Ісьляндыя. Альтынг, распушчаны ў 1799 року, скліканы зноў у 1844, а 1 сьнежня 1918 року Ісьляндыя атрымала сувэрэнітэт, праўда, пад манархічнай дацкай уладай. У Другой сусьветнай вайне Ісьляндыя абвясьціла нэўтралітэт, тым ня меней была мірна акупаваная Вялікабрытаніяй у 1940, каб перашкодзіць Нямеччыне захапіць яе пасьля акупацыі Даніі. З-за стратэгічнага разьмяшчэньня востраву ў Паўночнай Атлянтыцы хаўрусьнікі заставаліся ў Ісьляндыі да канца вайны. У 1944 року Ісьляндыя канчаткова спыніла ўсе сувязі з Даніяй (якая яшчэ знаходзілася пад нямецкай акупацыяй) і абвясьціла незалежнасьць. Па вайне Ісьляндыя стала адной зь дзяржаваў-заснавальніц ААН і НАТО. Эканоміка хутка разьвівалася дзякуючы рыбалоўлі, хоць і не бяз спрэчак праз гэта зь іншымі дзяржавамі.
З-за сваёй аддаленасьці ад кантынэнту Ісьляндыя здолела пазьбегнуць спусташэньняў ад войнаў, аднак іншыя глябальныя працэсы (напрыклад, пандэмія чумы або пратэстанцкая Рэфармацыя) яе не абмінулі. Краіна дагэтуль не зьяўляецца чальцом Эўрапейскага зьвязу.