Гісторыя Эстоніі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гісто́рыя Эсто́ніі — падзеі на тэрыторыі сучаснай Эстоніі з моманту пачатку расьсяленьня там людзей і да сёньняшняга дня.
Гісторыя Эстоніі | ||||
Раньняе Сярэднявечча
Швэдзкая Эстонія
Сучасная Эстонія
| ||||
Першыя чалавечыя паселішчы ўзьніклі на гэтай тэрыторыі прыблізна за 9500—9600 гадоў да нашай эры ў рамках так званай кундзкай культуры. Да X—XIII стагодзьдзяў склалася раньнефэадальная структура грамадзтва, дзе на чале земляў стаялі старэйшыны і правадыры ваенных дружын.
У XIII стагодзьдзі крыжакі, здушыўшы супраціўленьне эстаў, уключылі гэтыя землі ў склад Лівонскага ордэну. З гэтага часу немцы на працягу некалькіх стагодзьдзяў займалі ў Эстоніі ключавыя пазыцыі ва ўладных структурах, культуры, эканоміцы і г. д. У XVI стагодзьдзі Эстонія прайшла эпоху Рэфармацыі, з гэтага часу асноўнай рэлігійнай канфэсіяй на яе тэрыторыі стала пратэстанцтва. У тым жа стагодзьдзі паводле вынікаў Лівонскай вайны паўночная Эстонія ўвайшла ў склад Швэцыі, яшчэ праз паўстагодзьдзя таксама ў Швэцыю была ўключаная і паўднёвая Эстонія, якая да гэтага ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай.
Пасьля Вялікай Паўночнай вайны паміж Швэцыяй і Расеяй Эстонія ў 1721 годзе была ўлучаная ў склад Расейскай імпэрыі. Паводле зьвестак перапісу насельніцтва 1897 году ў Эстоніі пражывала 958 000 чалавек, зь іх эстонцы складалі трохі больш за 90%, расейцы — 4% і немцы — 3,5%.
Пасьля распаду Расейскай імпэрыі 24 лютага 1918 году была абвешчаная незалежная і дэмакратычная Эстонская Рэспубліка. Незалежнасьць была дасягнута падчас Вызваленчай вайны. 2 лютага 1920 году Савецкая Расея і Эстонія падпісалі мірную дамову аб узаемным прызнаньні. 22 верасьня 1921 году Эстонія стала сябрам Лігі Нацыяў.
У выніку падзелу сфэраў уплыву паміж СССР і Нямеччынай у 1939 годзе Эстоніі быў навязаны «Пакт аб узаемадапамозе паміж СССР і Эстонскай Рэспублікай», а 6 жніўня 1940 году Эстонія была ўключана ў склад СССР, што ў эстонскім і эўрапейскім праве й гістарыяграфіі разглядаецца як акупацыя. У пэрыяд з 7 ліпеня 1941 па 24 лістапада 1944 году тэрыторыя Эстоніі была акупаваная нацысцкай Нямеччынай. Пасьля таго, як савецкія войскі аднавілі кантроль над тэрыторыяй Эстоніі, яна зноў была ўключана ў склад СССР. ЗША і шэраг іншых краінаў гэта ўключэньне прызналі дэ-факта і не прызналі дэ-юрэ.
20 жніўня 1991 году незалежнасьць Эстоніі была адноўлена. 17 верасьня 1991 году Эстонія была прынята ў ААН. У 2004 годзе Эстонія стала сябрам Эўрапейскага Зьвязу і НАТО.