Постімпрэсіянізм
мастацкі напрамак пераважна ў Францыі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Постімпрэсіянізм (па-француску: postimpressionisme) — кірунак у выяўленчым мастацтве, які ўзьнік у 1880-х гадох. Мастакі гэтага кірунку не прытрымліваліся выключна зрокавых уражаньняў, а прагнулі вольна й абагульнена перадаваць матэрыяльнасьць сьвету, зьвярталіся да дэкаратыўнай стылізацыі. Да выбітных прадстаўнікоў постімпрэсіянізму ў жывапісу ставяцца Вінцэнт ван Гог, Поль Гаген, Поль Сэзан, Анры Тулюз-Лятрэк.
Пачатак постімпрэсіянізму прыпадае на крызіс імпрэсіянізму канца XIX стагодзьдзя. Тады адбылася апошняя выстава імпрэсіяністаў і быў апублікаваны «Маніфэст сымбалізму» (1886) францускага паэта Жана Марэаса. Постімпрэсіяністы, шматлікія зь якіх раней належалі да імпрэсіянізму, пачалі шукаць мэтады выказваньня ня толькі імгненьня, яны сталі асэнсоўваць працягласьць стану навакольнага сьвету.
Для постімпрэсіянізму ўласьцівы розныя творчыя сыстэмы й тэхнічныя сродкі, якія паўплывалі на далейшае разьвіцьцё выяўленчага мастацтва. Працы Ван Гога прадугледжвалі зьяўленьне экспрэсіянізму, Гаген праклаў шлях да сымбалізму й мадэрну.