Расейская мова ва Ўкраіне
From Wikipedia, the free encyclopedia
Расейская мова ва Ўкраіне — другая паводле ўжыванасьці мова ва Ўкраіне, пасьля ўкраінскае мовы. Паводле афіцыйных зьвестак Усеўкраінскага перапісу насельніцтва 2001 году[1], расейскую мову назвалі роднай 14 млн 273 тыс. грамадзянаў Украіны, або 29,6% насельніцтва краіны. Зь іх этнічныя расейцы складаюць 56%, у гэтым ліку астатнія адсоткі склалі прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў.
Украінская мова пераважае ў Заходняй Украіне, у цэнтральных ды паўночна-ўсходніх рэгіёнах краіны, расейская — у Данбасе, Крыме ды на поўдні[2].
Пасьля прыняцьця закону Калесьнічэнкі-Ківалава «Аб асновах дзяржаўнае моўнае палітыкі» расейская стала рэгіянальнай мовай у шэрагу вобласьцяў Украіны.
У Аўтаномнай Рэспубліцы Крым згодна з Канстытуцыяй Аўтаномнай Рэспублікі Крым з 1999 року ёй таксама нададзены шэраг функцыяў[3].
Сукупнасьць шматлікіх пытаньняў, зьвязаных з ужыткам ды выкарыстаньнем расейскае мовы ва Ўкраіне, а таксама з гісторыяй яе ўзьнікненьня й разьвіцьця на ўкраінскіх тэрыторыях, тлумачацца гісторыкамі, мовазнаўцамі і палітолягамі па-рознаму.
Гэтыя асаблівасьці зьвязаныя з шэрагам аспэктаў гісторыі й культуры Ўкраіны, якія асьвятляліся ў розныя гістарычныя пэрыяды з пункту гледжаньня рознабаковых палітычных ідэалёгіяў, а таксама з той акалічнасьцю, што пытаньне расейскай мовы ва Ўкраіне шырока выкарыстоўваецца як прадмэт сучаснае палітычнае барацьбы. Расейская мова ва Ўкраіне па-рознаму асьвятляецца рознымі палітычнымі сіламі Ўкраіны ды Расеі ў сродках масавай інфармацыі[4][5].