Сьвечкавая маніфэстацыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сьве́чкавая маніфэста́цыя альбо Сьве́чкавая дэманстра́цыя — мірная маніфэстацыя грамадзянаў за рэлігійныя і грамадзянскія правы і свабоды ў сацыялістычнай Чэхаславаччыне, якая адбылася 25 сакавіка 1988 року на Гвездаслававым пляцы ў Браціславе. У цяперашні час лічыцца адным з найгалоўнейшых пратэстаў грамадзянаў і вернікаў супраць камуністычнага рэжыму ў Чэхаславаччыне. Маніфэстацыя стала кульмінацыяй дзейнасьці таемнай царквы ў камуністычнай Чэхаславаччыне.
Ідэя маніфэстацыі паўстала з ініцыятывы вернікаў, пасьля таксама дадаліся патрабаваньні поўнае павагі да грамадзянскіх правоў у Чэхаславаччыне для ўсіх яе жыхароў — як вернікаў, так і няверуючых. Якасьцю грамадзянскага супраціву, ахопам патрабаваньняў, мужнасьцю супраціву таталітарнай уладзе і рэпрэсіямі яе можна лічыць пачаткам паступова заняпаду камуністычнага ладу ў Славаччыне, які завяршыўся 17 лістапада 1989. Разгонам дэманстрацыі сіламі Грамадзкай бясьпекі(sk) (тагачаснай паліцыі) і Дзяржаўнай бясьпекі(sk) (тагачасная сакрэтная служба) былі груба парушаныя грамадзянскія правы на свабоду сходаў, зацьверджаныя Канстытуцыяй ЧССР 1960 року. Быў парушаны Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ЧССР падпісала ў 1976 року, а таксама ўмовы хэльсынскага Заключнага акту АБСЭ 1975 року і Выніковага дакумэнту Мадрыдзкай канфэрэнцыі 1983 року.