Тысяча і адна ноч
From Wikipedia, the free encyclopedia
Тысяча і адна ноч (па-пэрсыдзку: هزار و يك شب hezār o yek šab, па-арабску: كتاب ألف ليلة وليلة kitāb 'alf layla wa layla) — зборнік казак Блізкага Ўсходу і Паўднёвай Азіі, складзены ў часы залатога веку ісламскай культуры. Усе казкі былі напісаныя рознымі аўтарамі ў розныя часы і абапіраліся на арабскі, пэрсыдзкі, індыйскі і мэсапатамскі фальклёр і літаратуру. У прыватнасьці, многія казкі першапачаткова былі народнымі апавяданьнямі эпохі Халіфату Абасыдаў і Мамлюкаўскага султанату, а іншыя, асабліва апраўленыя гісторыі, хутчэй за ўсё, зыходзяць з пэрсыдзкага твору «Хэзар Афсан», які ў сваю чаргу часткова абапіраўся на індыйскую літаратуру[1].
Адзіным, што яднае ўсе варыянтаў выданьняў «Тысячы і адной ночы», ёсьць тое, што пачынаецца аповяд з апраўленай гісторыі шага Шагрыяра і ягонае жонкі Шагэразады, а таксама наяўнасьці апраўленых гісторыяў. Гэтыя гісторыі маюць дачыненьне да арыгінальнай казкі, некаторыя зьяўляюцца апраўленымі казкамі ў межах іншых казак, а іншыя ёсьць самадастатковымі. Некаторыя выданьні зьмяшчаюць усяго некалькі сотняў ночаў, а іншыя ўключаюць тысяча адну і больш ночаў. Асноўная частка тэксту празаічная, хоць вершы час ад часу выкарыстоўваюцца дзеля перадачы песьняў і загадак і дзеля выяўленьня ўзмоцненых эмоцыяў. Большасьць вершаў зьяўляюцца адзіночнымі куплетамі ці чатырохрадкоўямі, хоць некаторыя ёсьць і даўжэйшымі.
Некаторыя з гісторыяў, якія звычайна асацыююцца з «Тысяча і адной ноччу», у прыватнасьці, «Цудоўная лямпа Аладына», «Алі-Баба і сорак разбойнікаў» і «Сем плаваньняў Сындбад-марахода», ня былі часткай зборніка ў арыгінальнай арабскай вэрсіі, але былі дададзеныя да калекцыі Антуанам Гальянам ды іншымі эўрапейскімі перакладчыкамі.