Арабская мова
сэміцкая мова / From Wikipedia, the free encyclopedia
Ара́бская мо́ва (па-арабску: اللغة العربية) — належыць да сэміцкай галіны афразійскай сям’і моваў, да паўднёвай галіны сэміцкіх моваў. Колькасьць тых, хто гаворыць на арабскай мове і ейных варыянтах складае 250 млн чалавек (2000)[3]. Пісьмовасьць на аснове арабскага альфабэту. Афіцыйная і працоўная мова Генэральнай Асамблеі ААН і некаторых іншых органаў ААН. Афіцыйная мова ўсіх арабскіх краінаў, Самалі, Джыбуці. Арабская мова шырока выкладаецца ў школах і ўнівэрсітэтах і выкарыстоўваецца ў рознай ступені на працоўных месцах, урадзе і ў сродках масавай інфармацыі. Гэта мова ў сваёй стандартнай форме зьяўляецца дзяржаўнай для 26 краінаў сьвету, а таксама ёсьць літургічнай мовай ісламу, паколькі Каран і Гадыс былі напісаныя на арабскай мове.
У Сярэднявеччы арабская мова мела значны ўплыў у Эўропе, асабліва ў галіне навукі, матэматыкі і філязофіі. У выніку шматлікія эўрапейскія мовы таксама запазычылі шмат словаў яь яе. Уплыў арабскае мовы, галоўным чынам на лексыку, назіраецца ў эўрапейскіх мовах — у асноўным, гішпанскай і ў меншай ступені партугальскай і каталянскай, дзякуючы суіснаваньню хрысьціянаў-эўрапейцаў і мусульманаў-арабаў напрацягу амаль 800 год на Пірэнэйскім паўвостраве. У сыцылійскім рэгіёне мясцовыя дыялекты італьянскае мовы маюць каля 500 запазычаных арабскіх словаў, многія зь якіх зьвязаны зь сельскагаспадарчай дзейнасьцю. Гэта ёсьць спадчынай існаваньня Сыцылійскага эмірату зь сярэдзіны IX па сярэдзіну X стагодзьдзяў, у той час як мальтыйская мова зьяўляецца сэміцкай мовай, распрацаванай з арабскага дыялекту, але запісанай лацінкай[4]. Балканскія мовы, уключаючы грэцкую і баўгарскую, таксама набылі значную колькасьць арабскіх словаў праз пасярэдніцтва асманскае турэцкае мовы.