Цэнтральная ўправа дзяржаўнай бясьпекі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Цэнтра́льная ўпра́ва дзяржа́ўнай бясьпе́кі (ЦУДБ; па-славацку: Ústredňa štátnej bezpečnosti, ÚŠB) — найвышэйшая паліцыйная ўстанова ў Першай Славацкай Рэспубліцы, якая займалася выведнай дзейнасьцю. Заснаваная была 1 студзеня 1940 году й існавала ажно да заняпаду дзяржавы ўвесну 1945. Гэтая ўстанова мела свой сьпіс ды рэестр тайных агентаў, супрацоўнічала з арганізацыямі ГСНП, напрыклад, з Глінкавай ґвардыяй і Глінкавай моладзьдзю, а таксама партыяй карпацкіх немцаў Нямецкай партыяй.
Цэнтральная ўправа дзяржаўнай бясьпекі | |
Ústredňa štátnej bezpečnosti, ÚŠB | |
Краіна | Славаччына |
---|---|
Створаная | 1 студзеня 1940 году |
Распушчаная | увесну 1945 году |
Штаб-кватэра | Браціслава |
Управа ўзьнікла шляхам злучэньня чацьвёртага аддзяленьня Міністэрства ўнутраных справаў і выведнага аддзяленьня паліцыйнай управы ў Браціславе як Прэзыдыюма МУС Славаччыны. Прычынаю заснаваньня паслужыла адсутнасьць адзінай арганізаванай спэцслужбы.
Увесь дзяржаўна-рэпрэсіўны апарат дзяржавы быў падпарадкаваны выведнай службе: паліцыя, жандармэрыя, жупныя й акрэсавыя ўправы й натарыюсы[1]. Цэнтральная ўправа дзяржаўнай бясьпекі супрацоўнічала зь нямецкім Гестапам. Па Славацкім нацыянальным паўстаньні Цэнтральная ўправа дзяржаўнай бясьпекі ўдзельнічала ў дэпартацыі каля 3595 асобаў у нацысцкія канцэнтрацыйныя лягеры[2].
Некаторыя працаўнікі ўправы супрацоўнічалі з антыфашысцкім рухам супраціўленьня.