Славацкая мова
заходнеславянская мова / From Wikipedia, the free encyclopedia
Слава́цкая мо́ва ( па-славацку: slovenčina (зьвесткі), slovenský jazyk) — славянская мова індаэўрапейскай моўнай сям’і. Утварае чэска-славацкую падгрупу ў заходнеславянскай групе[3][4] (разам з чэскай, польскай, горна- і дольнасорбскай мовамі). Зьяўляецца афіцыйнай мовай Славацкай рэспублікі і адной з афіцыйных моваў Эўрапейскага зьвязу.
Славацкая | |
slovenčina | |
Ужываецца ў | Славаччыне, Чэхіі, ЗША, Вугоршчыне і іншых краінах |
---|---|
Рэгіён | Цэнтральная Эўропа |
Колькасьць карыстальнікаў | каля 5,2 мільёнаў[1] |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская Славянская |
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Славаччыне, Эўразьвязе і Ваяводзіне (Сэрбія) |
Рэгулюецца | Славацкая Акадэмія Навук (Лінгвістычны інстытут Людавіта Штура) |
Статус: | 1 дзяржаўная[d][2] |
Пісьмо | лацінскае пісьмо |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | sk |
ISO 639-2(Б) | slo |
ISO 639-2(Т) | slk |
ISO 639-3 | slk |
SIL | slo |
Славацкую мову ўжывае больш за 5 мільёнаў чалавек (2013)[5], зь іх у Славаччыне — 4,34 млн чалавек (2012)[6]. Таксама носьбіты жывуць у Чэхіі, Сэрбіі, Вугоршчыне, Румыніі, Аўстрыі, Харватыі, Канадзе, ЗША, Аўстраліі, Украіне і інш.[5]. У шэрагу дзяржаваў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у якіх славакі, як правіла, расьселеныя кампактна, славацкая мае статус рэгіянальнае мовы[7].
Славацкія дыялекты даволі адрозныя паміж сабой. Вылучаюць тры буйныя групы дыялектаў:
- усходнеславацкія дыялекты;
- цэнтральнаславацкія;
- заходнеславацкія[8].
У аснове пісьмовасьці ляжыць лацінская графіка. Самыя раньнія помнікі ўласна славацкай пісьмовасьці датаваныя канцом XV—XVI стагодзьдзем, пры гэтым славакізмы сустракаюцца ў чэскіх, нямецкіх і лацінскіх крыніцах больш раньняга пэрыяду[9]. Да XVIII стагодзьдзя літаратурнай мовай славакаў была чэская, у сярэдзіне XIX стагодзьдзя кадыфікаваная славацкая літаратурная мова галоўным чынам на базе сярэднеславацкага дыялекту.
Да асаблівасьцей славацкае мовы (частка зь якіх вылучае яе сярод астатніх славянскіх моваў) адносяць такія фанэтычныя рысы, як наяўнасьць у сыстэме вакалізму нароўні з кароткімі даўгіх галосных і ўзыходных дыфтонгаў i̯a, i̯e, i̯u, u̯o, якія ўтвараюць доўгі склад; наяўнасьць спэцыфічнай фанэмы /ä/ (выйшла з ужываньня ў сучаснай мове); распаўсюджаньне рытмічнага закону, паводле якога склады з доўгімі галоснымі (а таксама дыфтонгамі) ня могуць ісьці адзін за другім у межах аднаго слова; у сыстэме кансанантызму — прымяненьне даўгіх і кароткіх складаўтваральных санорных [l̥], [l̥̄], [r̥], [r̥̄], якія выступаюць функцыянальнымі эквівалентамі галосных; перавага няпарных цьвёрдых зычных, наяўнасьць толькі цьвёрдай r і двух тыпаў l (мяккай ľ і сярэдняй l) і да т. п.
З уласьцівых славацкай мове рысаў марфалёгіі адзначаныя такія, як наяўнасьць канчатку -ovia ў адушаўлёных назоўніках у форме назоўнага склону множнага ліку; распаўсюджваньне канчатку -m ва ўсіх дзеясловаў цяперашняга часу ў форме 1-й асобы адзіночнага ліку і да т. п.