Mozilla Firefox
From Wikipedia, the free encyclopedia
Mozilla Firefox (па-беларуску: «Вогненая лісіца», «Мазіла Файрфокс», «Вогнеліс»; арыгінальнае вымаўленьне паводле міжнароднага фанэтычнана альфабэту: [moʊˈzɪlə ˈfaɪɹfɑks]) — браўзэр, які распаўсюджваецца пад вольнай ліцэнзыяй. Першы браўзэр з адкрытым зыходным кодам, які дамогся такой папулярнасьці. Firefox зьяўляецца нашчадкам праекту Mozilla. Вызначаецца гнуткай канфігурабельнасьцю, вялікай колькасьцю дадаткаў для вырашэньня розных задачаў карыстальніка. Мае дадаткі для фільтрацыі непажаданага зьместу, он-лайнавага перакладу, вывярэньня правапісу, узаемадзеяньня з блог-рухавікамі ды інш.
Гэты артыкул або разьдзел утрымлівае застарэлыя зьвесткі. |
Mozilla Firefox | |
Распрацоўка | Mozilla Corporation |
---|---|
Апошняя вэрсія | 120.0.1 (30 лістапада 2023 г.; 5 месяцаў таму) |
АС | кросплятформенная |
Тып | браўзэр |
Ліцэнзія | Mozilla Public License/GPL/LGPL |
Афіцыйная старонка | www.mozilla.com |
Вэрсія для настольных кампутараў выпускаецца пад апэрацыйныя сыстэмы Windows, MacOS, Linux. Асобна выпускаюцца вэрсіі для Android ды iOS. Існуюць вэрсіі для OS/2, FreeBSD, OpenBSD, Solaris і іншых апэрацыйных сыстэмаў. Падтрымка NetBSD ажыцьцяўляецца энтузіястамі[1].
Firefox зьяўляецца адным з найбольш гнуткіх браўзэраў, мае шырокія магчымасьці наладаў: карыстальнік можа ўсталёўваць дадатковыя тэмы, якія зьмяняюць зьнешні выгляд праграмы, і дадаткі, якія дадаюць новую функцыянальнасьць.
Сярод адметных асаблівасьцяў можна вылучыць:
- павышаны клопат пра бясьпеку (толькі калі ў Firefox адбываецца збой, са згоды карыстальніка ў кампанію Mozilla адсылаецца паведамленьне пра непаладку зь зьвесткамі пра наведаную пры збоі старонку, апаратнае забесьпячэньне й апэрацыйную сыстэму кампутара[2]);
- так званыя «Жывыя закладкі» («Live bookmarks») — мэханізм інтэграцыі RSS-струменяў;
- шырокія магчымасьці па наладзе паводзінаў і зьнешняга выгляду;
- аўтаматычнае абнаўленьне як самога браўзэра, так і яго пашырэньняў (пачынаючы з вэрсіі 1.5).
Правільнасьць найменьня некаторых асаблівасьцяў «адметнымі» (эксклюзіўнымі для гэтага браўзэра, або ўпершыню ўжытыя менавіта ў ім) зьяўляецца чыньнікам спрэчак ды інтэрнэт-дыскусіяў. З ростам папулярнасьці Firefox і павышэньнем цікавасьці хакераў, заяўленая стваральнікамі павышаная бясьпека стала нярэдка аспрэчвацца (зрэшты, некаторыя гучныя заявы на небясьпечнасьць апынуліся фікцыяй).
За выключэньнем адладчыка DOM, здольнага паведаміць карыстальніку пра памылку ў сынтаксісе загружанае старонкі і паказаць нумар радка, якая зьмяшчае памылку, прыладаў для вэб-распрацоўніка ў базавай канфігурацыі Firefox няма. Аднак, існуе мноства пашырэньняў, якія рэалізуюць неабходную функцыянальнасьць для вэб-распрацоўнікаў. У прыватнасьці:
- JSONView — дадатак для прагляду зьнешніх файлаў старонкі
- Html Validator — дадатак для праверкі кода на адпаведнасьць стандартам W3C
- View Source Chart — дадатак для зручнае візуалізацыі разьметкі старонкі
- FireBug — шматфункцыянальны дадатак, які ўключае ў сябе адладчык, DOM-навігатар і JavaScript-кансоль
- Web Developer — дадатак, які прапануе мноства функцыяў для адладкі старонкі.
Адлюстраваньне кантэнту адразу дазваляе камфортна працягваць сэрфінг нават пры няпоўнай загрузцы старонкі, што асабліва прыкметна пры марудным злучэньні і вялікай колькасьці ўкаранёных аб’ектаў. Пры распрацоўцы Firefox адмысловая ўвага надавалася падтрымцы стандартаў W3C.
Адкрыты зыходны код прадукта дае яму дадатковыя плюсы для карыстальніка — напрыклад магчымасьць упэўніцца (пры наяўнасьці пэўнага досьведу) у адсутнасьці «закладкаў», перарабіць браўзэр «пад сябе», і нават самастойна выправіць памылкі.