Археалёгія
навука вывучэньня мінуўшчыны праз матэрыяльныя артэфакты / From Wikipedia, the free encyclopedia
Археалёгія (ад грэцкага αρχαιος — «старажытны» + лёгія λογος — «слова», «вучэньне») — навука, што вывучае гісторыю грамадзтва па матар’яльных парэштках жыцьця і дзейнасьці людзей — рэчавых (археалягічных) помніках. Дасьледуе ў комплексе старажытныя помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, сьвяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалягічных раскопак, узнаўляе сацыяльна-эканамічную гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстравана ў пісьмовых крыніцах, дасьледуе шэраг пытаньняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалёгіяй, палеанталёгіяй і інш.; цесна зьвязаная з дапаможнымі гістрычнымі дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалёгія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гістарычных абласьцях, этнічных прыкметах (скіфскі пэрыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалёгія). Паводле храналягічнага і тэрытарыяльнага падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца так званыя археалягічныя культуры. Важным пытаньнем зьяўляецца клясыфікацыя і датаваньне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалёгіі выкарыстоўваюць спэцыфічныя мэтады дасьледаваньня: параўнальна-тыпалягічны мэтад (вызначэньне культурнай прыналежнасьці і храналёгіі рэчаў шляхам параўнаньня з аналягічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфічныя (умовы заляганьня культурнага пляста археалягічных помнікаў адносна геалягічных напляставаньняў і іншых плястоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэньня), а таксама розныя мэтады археалягічнага датаваньня. Важны мэтад дасьледаваньня археалягічных помнікаў — картаграфічны. Асобная галіна археалёгіі — падводная археалёгія — вывучае старажытныя і сярэднявечныя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, марах). Археалягічныя матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.
Да XIX стагодзьдзя архэалёгія вывучала антычнасьць і мела мастацтвазнаўчы характар. У краінах Заходняй Эўропы цікавасьць да нацыянальнай гісторыі, у тым ліку да архэалёгіі, асабліва ўзмацніліся пасьля Вялікай францускай рэвалюцыі 1789-1792 гадоў, якая спрыяла абуджэньню нацыянальнай самасьвядомасьці. З павелічэньнем колькасьці археалягічных матэрыялаў пачаліся спробы іх клясыфікацыі. У 1836 годзе дацкі археоляг Крыстыян Томсэн падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы і жалезны вякі. Джон Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і нэаліт. Гэтую клясыфікацыю паглыбіў Енс Ворса, які вызначыў храналёгію бронзавага веку паводле абрадаў пахаваньня. З гэтага часу архэалёгія становіцца навуковай дысцыплінай. З 2-й пал. XIX стагодзьдзя ва ўсіх краінах сьвету праводзіліся ахэалягічныя дасьледаваньні: распрацаваныя храналягічная і пэрыядычная сыстэмы, навуковыя мэтады раскопак; адбываліся археалягічныя зьезды і кангрэсы. У 1869-83 францускі археоляг Габрыель дэ Мартылье падзяліў палеаліт на пэрыяды: шэльскі, ашэльскі, муст'ерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Эўрапе адкрытыя эгейская цывілізацыя дагамэраўскай Грэцыі (Генрых Шліман, Артур Эванз), на Усходзе — шумерская і бабілёнская культуры. Швэдзкі архэоляг Оскар Мантэліус разьмеркаваў старажытныя рэчы па тыпах, якія пазьней зьвязаў у эвалюцыйныя рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалягічнага мэтаду. У пачатку XX стагодзьдзя чэскі археоляг Любар Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасьцяў і даказаў агульныя рысы культур славян. Дзякуючы дасьледаваньням Аляксея Ўварава, Дзьмітрыя Самаквасава, Льва Іваноўскага, Уладзімера Сізова, Аляксандра Сьпіцына ўзьнікла славяна-руская археалёгія.