Біялёгія
навука пра жыцьцё / From Wikipedia, the free encyclopedia
Біялёгія (састар. біёлёгія[1], ад грэцкага βίος — «жыцьцё» і λόγος — «вучэньне») — сукупнасьць навук пра жывое. Біялёгія зьяўляецца адной з прыродазнаўчых навук, прадметам якой ёсьць жывыя істоты й іхнае ўзаемадзеяньне з навакольным асяродзьдзем. Біялёгія вывучае ўсё аспэкты жыцьця, у прыватнасьці, структуру, функцыянаваньне, рост, паходжаньне, эвалюцыю й разьмеркаванне жывых арганізмаў на Зямлі. Гэтая навука клясыфікуе й апісвае жывыя істоты, паходжаньне іхных тыпаў, узаемадзеяньне паміж сабою й з навакольным асяродзьдзем. Прадметам біялёгіі зьяўляюцца ўсе праявы жыцьця, як то будова й функцыі жывых істотаў ды іхных прыродных супольнасьцяў, распаўсюджаньне, вытокі й разьвіцьцё, сувязі паміж сабой і нежывой прыродай. Мэтамі біялёгіі ёсьць вывучэньне заканамернасьцяў гэтых праяўленьняў, раскрыцьцё сутнасьці жыцьця, сыстэматызацыя жывых істотаў.
Біялёгія | |
Навука | |
састар. біёлёгія | |
Зьвесткі | |
---|---|
Падкляса ад | прыродазнаўчыя навукі |
Тэма | 1541 |
Прадмет вывучэньня | жывая матэрыя |
Пэрыяд заснаваньня | XIX стагодзьдзе |
Гісторыя | гісторыя біялёгіі[d] |
Асноўныя кірункі | біялягічныя навукі |
Цэнтры дасьледаваньняў | ва ўсім сьвеце |
Біялёгія ў Вікісховішчы |
Як асобная навука біялёгія вылучылася з прыродазнаўчых навук у XIX стагодзьдзі, калі навукоўцы выявілі, што жывыя арганізмы валодаюць некаторымі агульнымі для ўсіх характарыстыкамі. У падмурку сучаснае біялёгіі ляжаць пяць фундамэнтальных прынцыпаў: вузавая тэорыя, эвалюцыя, генэтыка, гомэастаз і энэргія[2][3]. У наш час біялёгія ёсьць стандартным прадметам у сярэдніх і вышэйшых навучальных установах усяго сьвету. Штогод публікуецца больш за мільён артыкулаў і кнігаў па біялёгіі й мэдыцыне[4].
Большасьць біялягічных навукаў зьяўляюцца дысцыплінамі з вузейшай спэцыялізацыяй. Традыцыйна яны групуюцца па тыпах дасьледных арганізмаў: батаніка вывучае расьліны, заалёгія — жывёл, мікрабіялёгія — аднавузавыя мікраарганізмы. Далей галіны ў біялёгіі падзяляюцца альбо па маштабах дасьледаваньня, альбо па ўжываных мэтадах: біяхімія вывучае хімічны падмурак жыцьця, малекулярная біялёгія — складаныя ўзаемадзеяньні паміж біялягічнымі малекуламі, вузавая біялёгія й цыталёгія — асноўныя будаўнічыя блокі шматвузавых арганізмаў, вузы, гісталёгія й анатомія — будову тканак і арганізма з асобных органаў і тканак, фізыялёгія — фізычныя й хімічныя функцыі органаў і тканак, эталёгія — паводзіны жывых істотаў, экалёгія — узаемазалежнасьць розных арганізмаў і іхнага асяродзьдзя. Перадачу спадчыннай інфармацыі вывучае генэтыка. Разьвіцьцё арганізма ў антагенэзе вывучаецца біялёгіяй разьвіцьця. Зараджэньне й гістарычнае разьвіцьцё жывой прыроды — палеабіялёгія й эвалюцыйная біялёгія.
На межах з сумежнымі навукамі ўзьнікаюць новыя спэцыялізаваныя вобласьці навукі, такія як біяфізыка (вывучэньне жывых аб’ектаў фізычнымі мэтадамі), біямэтрыя й іншыя. У сувязі з практычнымі запатрабаваньнямі чалавека ўзьнікаюць такія кірункі як касьмічная біялёгія, сацыябіялёгія, фізыялёгія працы, біёніка.