Галадамор ва Ўкраіне
From Wikipedia, the free encyclopedia
Галадамо́р (па-ўкраінску: Голодомор) — масавы штучны голад, арганізаваны савецкім рэжымам на чале зь Ёсіфам Сталіным на тэрыторыі УССР (землі сучаснае Ўкраіны за выключэньнем сямі заходніх абласьцей, Крыму й Паўднёвае Бэсарабіі) ды Кубані (дзе бальшыня насельніцтва была ўкраінскае нацыянальнасьці) у 1932—1933 гадох. Зьяўляецца адной з найвялікшых нацыянальных катастроф украінскага народу. Паводле розных ацэнак, яе ахвярамі сталі ад 2 да 7 млн чалавек[1].
- Глядзіце таксама: Генацыд украінцаў
Тэрмін Галадамор ужываецца таксама ў дачыненьні да голаду 1921—1923 ды голаду 1946—1947 гадоў[2][3][4][5].
Галадамор 1932—1933 гадоў закрануў ня толькі Ўкраіну, але й іншыя рэгіёны Савецкага Саюзу (у тым ліку й тагачасную БССР). Гістарычна тэрмін замацаваўся за тэрыторыяй, дзе пражывалі этнічныя ўкраінцы, як вынік узьнікненьне панятку «ўкраінскі генацыд» альбо «ўкраінскі галакост», што падразумявае наўмысна арганізаванае забойства ўкраінскага народу.