Грамады Ўкраіны
адзінка адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Ўкраіны / From Wikipedia, the free encyclopedia
Грамада Ўкраіны або тэрытарыяльная грамада (па-ўкраінску: територіальна громада) — базавая тэрытарыяльная адзінка, уведзеная ў рамках адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 2015—2020 гадоў дзякуючы правядзеньню рэформы дэцэнтралізацыі ва Ўкраіне. Базавымі органамі мясцовага самакіраваньня ва Ўкраіне зьяўляюцца рады грамад. Тэрыторыі тэрытарыяльных грамад (якія, у сваю чаргу, дзеляцца на 7567 старастынськіх акруг[1]) фармуюць раёны, некалькі раёнаў утвараюць вобласьці.
Гарады Кіеў і Севастопаль паводле канстытуцыі Ўкраіны маюць спэцыяльны статус і не ўваходзяць у склад раёнаў іншых рэгіёнаў краіны, бо адначасова самі зьяўляюцца асобнымі рэгіёнамі. Пры гэтым Севастопаль, як і ўвесь Крым, не кіруецца ўладамі Ўкраіны і кантралюецца Расеяй. Тэрыторыя Аўтаномнай Рэспублікі Крым ня ўдзельнічала ў адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформе 2015—2020 гадоў, і грамады там заканадаўча Ўкраінай не сфармаваныя.
Акрамя Крыма, не ўваходзяць у склад грамад таксама тэрыторыя Кіева і Чарнобыльская зона адчужэньня. На тэрыторыі, падкантрольнай ДНР і ЛНР, грамады існуюць толькі дэ-юрэ.
Згодна з законам Украіны аб мясцовым самакіраваньні тэрыторыя тэрытарыяльнай грамады — гэта непарыўная тэрыторыя, у межах якой тэрытарыяльная грамада ажыцьцяўляе свае паўнамоцтвы па вырашэньні пытаньняў мясцовага значэньня, як непасрэдна, так і праз органы мясцовага самакіраваньня.
У падкантрольных Украіне 11 грамадах Данецкай вобласьці і 8 грамадах Луганскай вобласьці паўнамоцтвы мясцовага самакіраваньня ажыцьцяўляюць вайскова-грамадзянскія адміністрацыі.
У адпаведнасьці з рэформай дэцэнтралізацыі тэрытарыяльныя грамады замянілі сельскія, пасялковыя і гарадзкія рады, утвораныя яшчэ ў часы СССР. Станам на 2020 год тэрытарыяльнымі грамадамі пакрытая ўся тэрыторыя Ўкраіны акрамя Аўтаномнай Рэспублікі Крым, дзе яны будуць утварацца ўжо пасьля дэакупацыі.