Грошы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гро́шы — спэцыфічныя тавары або рэчы, якія зьяўляюцца ўнівэрсальным эквівалентам кошту іншых тавараў і могуць выкарыстоўвацца для аплаты за іншыя рэчы або паслугі. Грошы, як правіла, прымаюцца ў якасьці аплаты за тавары й паслугі, а таксама пагашэньня запазычанасьці ў той ці іншай краіне або ў пэўным сацыяльна-эканамічным кантэксьце[1][2]. Асноўнымі функцыямі грошай зьяўляюцца сродак абарачэньня, мера каштоўнасьці, сродак накапленьня ці захаваньня кошту, а часам і як стандарт адтэрмінаванага плацяжу[3][4]. Любы прадмет або правераны запіс, які выконвае гэтыя функцыі можна разглядаць у якасьці грошай.
Грошы гістарычна зьяўляюцца рынкавым фэномэнам праз стварэньне першапачаткова таварных грошай, але амаль усе сучасныя грашовыя сыстэмы заснаваныя на фіятных грошах[3]. Фіятныя грошы, як то чэкі або папяровыя банкноты, ня маюць асабістага кошту ў якасьці фізычнага тавару. Аднак, іхная каштоўнасьць паўстае праз абвяшчэньне ўрадам грашовай адзінкі ў якасьці законнага сродку плацяжу, гэта значыць, што такія грошы павінны быць прыняты ў якасьці формы аплаты ў межах пэўнай краіны, для ўсіх абавязкаў, як то грамадзкіх, гэтак і прыватных[5].
Грашовая маса краіны, складаецца з валюты, як то банкнотаў і манэт, і некалькіх тыпаў банкаўскіх грошай, як то разьліковы рахунак, ашчадны рахунак і іншыя віды банкаўскіх рахункаў. На банкаўскія грошы, якія насамарэч зьяўляюцца ўліковымі запісамі, на сёньня значна кампутарызаванымі, прыпадае вялікі адсотак ад усёй грашовай масы ў разьвітых краінах[6][7].