Люцічы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Лю́цічы (вільцы, велеты[1]) — зьвяз заходнеславянскіх плямёнаў. Адзін з племянных зьвязаў палабскіх славянаў — славянскага насельніцтва сучаснай паўночнай, паўночна-заходняй і ўсходняй Нямеччыны. Апроч люцічаў, да палабскіх славянаў належалі племянныя зьвязы бодрычаў (абадрытаў, рарагаў або рэрэкаў) і лужычанаў (лужыцкія сэрбы, мільчане або проста сэрбы). Самі люцічы складаліся з далянчанаў, радараў, хіжанаў і чэразьпенянаў. Люцічы жылі на тэрыторыях цяперашніх нямецкіх фэдэральных земляў Мэкленбург — Пярэдняя Памяранія і Брандэнбург (поўнач Брандэнбургу). Абедзьве зямлі знаходзяцца ва ўсходняй Нямеччыне.
Цэнтрам зьвязу люцічаў было сьвяцілішча Радагошч, у якім ушаноўваўся бог Сварожыч (Радагост). Усе пастановы прымаліся на вялікім племянным зборы, а цэнтральнай улады не існавала. Таксама адной з сталіцаў люцічаў быў горад Аркона, які разьмяшчаўся на высьпе Руген (славянская назва Руян) зь сьвяцілішчам бога Сьвятавіта. Гэты горад быў разбураны датчанамі за каралём Вальдэмарам I у час войнаў, якія праводзілі ўжо хрысьціянізаваныя нямецкія дзяржавы супраць земляў палабскіх славянаў, з мэтай далучэньня гэтых багатых земляў да нямецкіх дзяржаваў і навяртаньня мясцовага насельніцтва ў хрысьціянства. Датчане, у прыватнасьці, бралі ўдзел у гэтых войнах перасьледваючы свае мэты — апроч пашырэньня хрысьціянства, яшчэ і абарону ад люцічаў, а таксама помсту за напады і спусташэньні, якія раней чынілі люцічы ў Даніі; урэшце, адной з мэтаў таксама было вызваленьне ад даніны, якую выплачвалі люцічам некаторыя дацкія правінцыі.