Нацыянальная дзяржава
тып дзяржавы / From Wikipedia, the free encyclopedia
Нацыянальная дзяржава — гэта дзяржава, утвораная пэўнай нацыяй, якая жыве ў межах сваёй этнічнай тэрыторыі, у выніку рэалізацыі ёю асноўнага права на палітычнае самавызначэньне, якая забясьпечвае належныя ўмовы дзеля захаваньня і разьвіцьця здабыткаў гэтай нацыі і для ўзаемаўзбагачэньне і разьвіцьця ўсіх нацыяў, этнасаў, якія пражываюць у гэтай дзяржаве[1].
Нацыя ёсьць найвышэйшай каштоўнасьцю, галоўнай крыніцай улады і вызначае сацыяльна-палітычную сыстэму такой дзяржавы. Ідэалам нацыянальнай дзяржавы ёсьць монаэтнічная дзяржава, дзе пераважная большасьць грамадзянаў належыць да аднаго карэннага этнасу і выкарыстоўвае адзіную знакавую сыстэму, зразумелую ўсім выхадцам з гэтай нацыі: мову, культуру, звычаі, стэрэатыпы, сыстэму каштоўнасьцей ды іншае.
Згодна з дакумэнтамі ААН і ЮНЭСКА нацыянальная дзяржава — гэта такая дзяржава, у якой тытульны народ складае 67% насельніцтва[2].
Канцэпцыя нацыянальнай дзяржавы мае цесныя повязі з разьвіцьцём нацыяналізму ў Эўропе XVII—XVIII стагодзьдзяў, каляніялізмам і нацыянальна-вызвольнымі рухамі XIX — першай паловы XX стагодзьдзяў. У XX стагодзьдзі нацыянальныя дзяржавы сталі асноўнымі формамі дзяржаўнай арганізацыі сьвету; яны замянілі дынастычныя і клясавыя дзяржавы Сярэднявечча.
Нацыянальным дзяржавам часта супрацьстаяць наднацыянальныя ўтварэньні імпэрскага-інтэгральнага тыпу, такія як імпэрыі мінулага — СССР і г. д. У канцы XX стагодзьдзя прадказваўся заняпад нацыянальных дзяржаваў, аднак распад СССР паказаў супрацьлеглае. У большасьці міжнародных арганізацыяў менавіта нацыянальная дзяржава выступае асноўнай палітычнай адзінкай ва ўсіх міжнародных працэсах.