Паэтызм
From Wikipedia, the free encyclopedia
Паэты́зм — першапачаткова літаратурны напрамак, які ўзьнік на тэрыторыі Чэхаславаччыны і ніколі не перасягнуў межы чэхаславацкай культурнай прасторы. Паэтызм меў амбіцыі быць ня толькі літаратурнай зьявай, а таксама спосабам сьветабачаньня. Мэтай паэтызму было поўнае вызваленьне ад палітыкі і аптымістычны погляд на сьвет. Ён быў засяроджаны выключна на сучаснасьць, дакладней на яе радасныя моманты. Галоўнымі пачуцьцямі сталася шчасьце і радасьць, у паэтызьме быў вельмі важным эмацыйны бок.
Асновай філязофіі паэтыстаў было адчужэньне і самаадчужэньне чалавека, праблема чалавечых адносінаў. Яны лічылі, што ў чалавечых адносінах і адносінах чалавека да навакольнага сьвету адбылася дэфармацыя. У гэтым адчужэньні яны вінавацілі грамадзтва, якое праз сваю сістэму арганізацыі перастала цікавіцца пачуцьцямі асобы, засяродзіўшыся выключна само на сябе. Мэтай паэтызму было дапамагчы выпраўленьню і пераадоленьню гэтага адчужэньня.