Сям’я
два ці больш чалавек, зьвязаных нараджэньнем, шлюбам, іншым прававым статусам / From Wikipedia, the free encyclopedia
Сям’я́ (радзіна) — кроўна-сваяцкая супольнасьць людзей, заснаваная на шлюбе і ўзаемадапамозе, агульнасьці побыту і прававой адказнасьці. Выконвае аднаўленчае (узаемападтрымка здароўя), выхаваўчае (выхаваньне дзяцей), гаспадарчае, нараджальнае (нараджэньне дзяцей), парадкавальнае (нагляд за паводзінамі), побытавае і стасункавае прызначэньне. Будова вызначаецца складам і ўзаемінамі між сямейнікамі: дзетнасьць, колькасьць пакаленьняў, сужэнскіх параў і сямейнікаў, лінія (бакавая, прамая) і ступеня роднасьці. Паводле звычаёвага права на чале стаіць старэйшы мужчына: у бацькоўскай — бацька, у брацкай — старэйшы з братоў, у малой — муж. Галава адказвае за ладжаньне гаспадарчай дзейнасьці, побыту і выплату падаткаў. Гаспадыня кіруе жанчынамі, між якімі разьмяркоўвае працу і якіх вучыць гаспадарчым справам: у бацькоўскай — маці, у брацкай — жонка старэйшага брата. Таксама гаспадыня сочыць за парадкам у хаце і гатуе ежу. Першай памочніцай гаспадыні зьяўляецца: у бацькоўскай — старэйшая нявестка. Грамадзкімі вызначальнікамі будовы служаць адукацыя і прафэсія сямейнікаў. Пляменнымі — народнасьць мужа і жонкі, народна-веравальнае самавызначэньне дзяцей і перадача звычаяў між пакаленьнямі[1].
Сям’я належыць да важнейшых грамадзкіх каштоўнасьцяў[2]. Паводле некаторых навуковых тэорыяў, менавіта форма сям’і здолела на працягу многіх стагодзьдзяў вызначаць агульны кірунак эвалюцыі макрасацыяльных сыстэмаў[3]. Кожны чалец грамадзтва, акрамя сацыяльнага статусу, этнічнай прыналежнасьці, маёмаснага й матэрыяльнага становішча, з моманту нараджэньня й да канца жыцьця валодае такой характарыстыкай, як сямейна-шлюбны стан.
Для дзіцяці сям’я ёсьць асяродзьдзем, у якім складваюцца ўмовы ягонага фізычнага, псыхічнага, эмацыйнага й інтэлектуальнага разьвіцьця. Для дарослага чалавека сям’я зьяўляецца крыніцай задавальненьня шэрагу ягоных запатрабаваньняў і малым калектывам, які прад’яўляе да яго разнастайныя й досыць складаныя патрабаваньні. На стадыях жыцьцёвага цыклу чалавека пасьлядоўна зьмяняюцца ягоныя функцыі й статус у сям’і.