Геаграфія Рэспублікі Конга
From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэспубліка Конга знаходзіцца ў Цэнтральнай Афрыцы і цягнецца ад 4° пн.ш. да 5° пд.ш., такім чынам, краіну амаль пасярэдзіне перасякае экватар. На поўначы мяжуе з Камерунам (494 км) і Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікай (487 км); на ўсходзе і поўдні па рацэ Конга і яе прытоку Убангі праходзіць мяжа з цёзкай, Дэмакратычнай Рэспублікай Конга (1229 км); на поўдні Конга мяжуе з ангольскім (паўанклавам Кабінда), на захадзе праходзіць звілістая, таму надзвычай доўгая, мяжа з Габонам (2567 км). На паўднёвым захадзе на вельмі нязначным працягу Рэспубліка Конга выходзіць да Атлантычнага акіяна (169 км), тым больш вялікае значэнне мае кожная зручная гавань на гэтым узбярэжжы. Сталіца краіны, горад Бразавіль, стаіць на рацэ Конга, такім чынам, знаходзячыся на самай мяжы з ДР Конга, акурат насупраць Кіншасы.
Рэльеф пераважна раўнінны і нізкагорны, карысныя выкапні багатыя і разнастайныя — вялікія запасы нафты і руд каляровых металаў. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны. Уздоўж мяжы з ДР Конга цячэ самая паўнаводная рака Афрыкі — Конга. Прырода адносна слаба пераўтворана дзейнасцю чалавека, захаваліся некранутыя лясы, балоты, што лічацца адным з самых загадкавых куткоў планеты; вельмі багаты жывёльны свет. У Конга найбольшая ў свеце папуляцыя гарыл.