Тэкставы відэарэжым
From Wikipedia, the free encyclopedia
Тэкставы відэарэжым — рэжым камп’ютарнага відэаадаптара, ў якім экран падаецца ў выглядзе сеткі знакамесцаў (а не пікселяў, у адрозненні ад графічных рэжымаў). У кожным са знакамесцаў можа знаходзіцца адзін сімвал з абмежаванага набору.
Тэкставыя відэатэрміналы пачалі замяняць тэлетайпы напачатку 1970-х гадоў і змянілі спосаб здзяйснення дыялога аператара з камп’ютарам. Замест каманднага радку з’явіўся тэкставы інтэрфейс карыстальніка; у шрыфты пачалі ўводзіць псеўдаграфічныя сімвалы дзеля малявання рамак і імітацыі элементаў графічнага інтэрфейсу. Адна з кадыровак з псеўдаграфікай — CP437 (IBM).
Тэкставы рэжым дае перавагу над графічным у хуткасці і прастаце праграмавання. Да таго ж у тыя часы (1970-я гады) лічылася марнатраўствам ставіць у тэрмінал столькі відэапамяці, каб захоўваць кожны піксель экрану (першы Macintosh стаў прарывам, нагледзячы на дарагоўлю, менавіта з-за гэтага). У тэкставым рэжыме выява генеруецца дынамічна з матрыцы знакамесцаў і выяваў сімвалаў з дапамогай асаблівай схемы — знакагенератару. На больш ранніх ЭВМ выкарыстоўваліся таксама знакадрукавальныя кінескопы, якія генеравалі сімвалы без складаных схем знакагенератара, ужываючы трафарэт. Другой перавагай тэкставых інтэрфейсаў, зязаных з тэрміналамі, сталі малыя патрабаванні да чхуткасці сувязі тэрмінала і ЭВМ.
Улічваючы, што выява ўяўляе сабой матрыцу сімвалаў, шрыфт у тэкставым рэжыме можа быць толькі монашырынным — прыкладна такім жа, як і ў друкарках. Такім жа чынам працуюць прынтары барабаннага тыпу — так што выяву з экрану можна без праблем дасылаць на друк. Больш новыя прылады друку (матрычныя прынтары) імітавалі гэтую рысу барабанных прынтараў.
Шматлікія АС дазваляюць не толькі эмуляваць тэлетайп, але і пісаць у любое магчымае знакамесца. Для гэтага ёсть два стандарты: ANSI-графіка і каманды, сумяшчальныя з VT100.
Мяжа паміж тэкставымі і графічнымі рэжымамі няпэўная: напрыклад, некаторыя праграмы (Norton Utilities) дынамічна перавызначаюць шрыфт, каб выводзіць графічныя знакі ці графічны курсар мышы. Кампютар «Карвет» мог адначасова выводзіць тэкст па-над графічнай выявай. Часам тэкставы рэжым з-за яго хуткасці ўжываўся і ў гульнях.
Інтэрфейс каманднага радка і эмулятары тэрмінала імітуюць паводзіны камп’ютара ў тэкставым рэжыме.