Чорнае мора
From Wikipedia, the free encyclopedia
Чо́рнае мо́ра — унутранае мора басейна Атлантычнага акіяна. Пралівам Басфор злучаецца з Мармуровым морам, далей, праз праліў Дарданэлы (гэтыя пралівы часам называюць чарнаморскімі пралівамі) — з Эгейскім і Міжземным морамі. Керчанскім пралівам злучаецца з Азоўскім морам. З поўначы ў мора глыбока ўразаецца Крымскі паўвостраў. Па паверхні Чорнага мора праходзіць водная мяжа паміж Еўропай і Малой Азіяй.
Плошча Чорнага мора склаедае 422 000 км²[1] (па іншых даных — 436 400 км²[2]). Абрысы Чорнага мора нагадваюць авал з найбольшай воссю каля 1150 км. Найбольшая працягласць мора з поўначы на поўдзень — 580 км. Найбольшая глыбіня — 2210 м[1], сярэдняя — 1240 м. Аб'ём вады ў моры складае 555 тыс. км³[3]. Характэрнай асаблівасцю Чорнага мора з'яўляецца поўная (за выключэннем шэрагу анаэробных бактэрый) адсутнасць жыцця на глыбінях звыш 150—200 м з-за насычанасці глыбінных слаёў вады серавадародам.
Мора абмывае берагі Расіі, Украіны, Румыніі, Балгарыі, Турцыі, часткова прызнанай Абхазіі і Грузіі (тэрыторыі, размешчаныя вакол мора, традыцыйна называюць тэрмінам «Прычарнамор'е»).
Чорнае мора — важны раён транспартных перавозак. Апроч гэтага, Чорнае мора захоўвае важнае стратэгічнае і ваеннае значэнне. У Севастопалі і Наварасійску знаходзяцца асноўныя ваенныя базы расійскага Чарнаморскага флоту, у Сінопе і Самсуне базуюцца караблі чарнаморскай групоўкі ВМФ Турцыі, у Варне — ВМС Балгарыі, у Поці і Батумі — ВМС Грузіі (у наш час — карабельны склад дэпартамента берагавой аховы Памежнай паліцыі Грузіі[4], у Канстанцы і Мангаліі — ВМС Румыніі. Акрамя таго, да сакавіка 2014 года ў Севастопалі і Новаазёрным базаваліся часці Ваенна-марскіх сіл Украіны.