Адміністрацыйны падзел Грэцыі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Адміністрацыйны падзел Грэцыі — сучасны падзел Грэцыі сфарміраваны па Праграме Калікратыса[1] і дзейнічае з 1 студзеня 2011 года. Паводле гэтага падзелу Грэцыя адміністрацыйна складаецца з 7 дэцэнтралізаваных адміністрацый, 13 перыферый і 325 муніцыпалітэтаў. Перыферыі і муніцыпалітэты маюць поўнае самакіраванне. Аўтаномная манаская дзяржава Святой Гары вызваляецца ад гэтых рэформаў і захоўвае свае інстытуты паводле «Статутнай Хартыі Святой Гары Афонскай» 1924 года.
Ніжэйшай формай арганізацыі мясцовага самакіравання з'яўляецца муніцыпалітэт. Мэр і гарадскі савет выбіраюцца на пяць гадоў усеагульным галасаваннем. Муніцыпалітэты падзелены на аддзелы, а яны ў сваю чаргу на абшчыны. Апошнія маюць уласныя саветы.
Арганізацыяй мясцовага самакіравання другога ўзроўню з'яўляецца перыферыя, якая адпавядае вялікай геаграфічнай вобласці. Перыферыярх і савет выбіраюцца на пяць гадоў усеагульным галасаваннем. Перыферыі падзелены на аддзелы, якія як правіла супадаюць з номамі. Аддзелы кіруюцца ўласнымі віцэ-перыферыярхамі, якіх выбіраюць разам з перыферыярхам.
Дэцэнтралізаваныя адміністрацыі не з'яўляюцца органамі самакіравання, а служаць мэтам дэцэнтралізацыі кіравання краінай. Складаюцца з ад 1 да 3 перыферый і кіруюцца генеральным сакратаром, які прызначаецца ўрадам Грэцыі і прымае ўсе рашэнні, а таксама саветам, у які ўваходзяць усе перыферыярхі і прадстаўнікі муніцыпалітэтаў і які выконвае дарадчую ролю.