Баптызм
галіна пратэстанцтва / From Wikipedia, the free encyclopedia
Бапты́зм (паводле грэч. Βάπτισμα — хрышчэнне) — хрысціянская дэнамінацыя ў пратэстанцтве, засяроджаны на індывідуалізме ў дачыненні да Бога і надзвычайнай ролі Святога Пісання. Збавенне паводле баптыстаў недасягальнае ўласнымі ўчынкамі, адно толькі ласкай Божай праз асабістую веру ў збаўчую ахвяру Ісуса Хрыста дзеля выкуплення грахоў чалавецтва. Баптысты здзяйсняюць хрышчэнне выключна над тымі, хто свядома выражае пакаянне за грахі і вызнае веру ў Хрыста. Акцэнтуючы аўтаномію асобных збораў, ёсць таксама прыхільнікамі аддзялення царквы ад дзяржавы.
Пратэстантызм |
Вальдэнсы · Гусіты · Катары · Лоларды
Англіканства · Анабаптызм · Кальвінізм · Лютэранства · Цвінгліянства
Адвентызм · Армініянства · Баптызм · Квакеры · Піетызм · Пурытанства · Пяцідзясятніцтва · Харызматызм
Рывайвелізм · Метадызм · Евангелізм · Вучні Хрыста |
Большасць баптыстаў прадстаўляе евангельскае хрысціянства, хоць існуюць нешматлікія баптысцкія дэнамінацыі, якія належаць да ліберальнага напрамку пратэстанцтва. Баптысцкія цэрквы могуць адрознівацца ў стаўленні да пэўных пытанняў: прадвызначэнне альбо свабода волі, канчатковасць альбо мажлівасць страты збавення, адносіны да тэорыі эвалюцыі.
У практыцы царкоўнага жыцця баптысты прытрымліваюцца прынцыпу ўсеагульнага святарства, а таксама самастойнасці і незалежнасці кожнай асобнай царкоўнай суполкі (кангрэгацыяналізм). Прэсвітар (пастар) суполкі не мае абсалютнай улады, найбольш істотныя пытанні вырашаюць на царкоўных радах, агульных сходах вернікаў. Набажэнствы складаюцца з казаняў, спеваў у суправаджэнні інструментальнай музыкі, імправізаваных малітваў (уласнымі словамі), чытання духоўных паэм і вершаў[1].