Белая Русь
пачаткова штучная геаграфічная назва; ужывалася пераважна ў заходнееўрапейскім навуковым асяроддзі ў дачыненні да розных рэгіёнаў Усход / From Wikipedia, the free encyclopedia
Белая Русь, пазней Беларусія, Беларусь — пачаткова штучная геаграфічная назва, ужываная пераважна ў заходнееўрапейскім навуковым асяроддзі ў дачыненні да розных рэгіёнаў Усходняй Еўропы.
З канца 1620-х гадоў. назва «Белая Русь» найчасцей пачала суадносіцца з усходнімі землямі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ) — падзвінскімі і падняпроўскімі ваяводствамі і паветамі, прышоўшы ва ўжытак у ВКЛ з Заходняй Еўропы праз пасрэдніцтва твораў польскіх інтэлектуалаў[1]. У ВКЛ «Белая Русь» стала паралельным аналагам мясцовага паняцця «Русь» і была тапонімам[2], але назва «Белая Русь» усё ж значна саступала па частаце выкарыстання назве «Русь» для абазначэння тых самых падзвінскіх і падняпроўскіх рэгіёнаў Вялікага Княства Літоўскага мясцовымі жыхарамі[3].
Назвы «Белая Русь» ніколі не было ў афіцыйнай назве Вялікага Княства Літоўскага і тытуле вялікіх князёў літоўскіх, але з 1655 года такая назва была ў тытуле маскоўскіх цароў, пазней расійскіх імператараў, і прадстаяцеля Рускай праваслаўнай царквы.
Першай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай з «Беларусь» у назве была створаная ў 1632 годзе праваслаўная Магілёўская епархія (у Вялікім Княстве Літоўскім), якая з канца XVII ст. часта паралельна называлася «Беларускай епархіяй».
Першай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай свецкага характару, якая змяшчала ў сваёй афіцыйнай назве «Беларусь» было Беларускае генерал-губернатарства (1772—1796) у складзе Расійскай імперыі. Да пачатку 1870-х гадоў тапонім «Беларусія» («Белая Русь», «Белая Расія») адносіўся толькі да Віцебскай і Магілёўскай губерняў Расійскай імперыі. У 1870-я гады назва «Беларусія» ужо пачала адносіцца і да Мінскай губерні Расійскай імперыі, а пачынаючы з 1890-х гадоў стала агульнапрынятай назвай усіх тэрыторый, дзе кампактна жыў беларускі этнас[4].
20 студзеня (1 лютага) 1863 года назва «Беларусь» упершыню ўключана ў назву ўраду — Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі на чале з Кастусём Каліноўскім.
Ідэю не аўтаноміі ў складзе іншай дзяржавы, не федэрацыі або канфедэрацыі, а стварэння самастойнай дзяржавы, якая называлася б «Беларусь», выказаў Вацлаў Ластоўскі летам 1917 года[5]. Першай дзяржавай, якая ў афіцыйным найменні мела назву «Беларусь», была Беларуская Народная Рэспубліка (з 25 сакавіка 1918). Цяпер назву «Беларусь» у афіцыйным найменні мае Рэспубліка Беларусь (з 1991).