Грамады Украіны
адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ва Украіне / From Wikipedia, the free encyclopedia
Грамада Украіны або тэрытарыяльная грамада (укр.: територіальна громада) — базавая тэрытарыяльная адзінка, уведзеная ў рамках адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 2015—2020 гадоў дзякуючы правядзенню рэформы дэцэнтралізацыі ва Украіне. Базавымі органамі мясцовага самакіравання ва Украіне з’яўляюцца саветы грамад.
Тэрыторыі тэрытарыяльных грамад (якія, у сваю чаргу, дзеляцца на 7567 старасцінскіх акруг[1]) фарміруюць раёны, некалькі раёнаў утвараюць вобласці. Гарады Кіеў і Севастопаль паводле канстытуцыі Украіны маюць спецыяльны статус і не ўваходзяць у склад раёнаў іншых рэгіёнаў краіны, бо адначасова самі з’яўляюцца асобнымі рэгіёнамі. Пры гэтым Севастопаль, як і ўвесь Крым, не кіруецца ўладамі Украіны і кантралюецца Расіяй. Тэрыторыя Аўтаномнай Рэспублікі Крым не ўдзельнічала ў адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформе 2015—2020 гадоў і грамады там заканадаўча Украінай не сфарміраваны.
Акрамя Крыма не ўваходзяць у склад грамад таксама тэрыторыя Кіева і Чарнобыльская зона адчужэння. На тэрыторыі, падкантрольнай ДНР і ЛНР, грамады існуюць толькі дэ-юрэ.
Згодна з законам Украіны аб мясцовым самакіраванні, тэрыторыя тэрытарыяльнай грамады — гэта непарыўная тэрыторыя, у межах якой тэрытарыяльная грамада ажыццяўляе свае паўнамоцтвы па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння, як непасрэдна, так і праз органы мясцовага самакіравання.
У падкантрольных Украіне 11 грамадах Данецкай вобласці і 8 грамадах Луганскай вобласці паўнамоцтвы мясцовага самакіравання ажыццяўляюць ваенна-грамадзянскія адміністрацыі.
У адпаведнасці з рэформай дэцэнтралізацыі тэрытарыяльныя грамады замянілі сельскія, пасялковыя і гарадскія саветы, утвораныя яшчэ ў часы СССР. Станам на 2020 год тэрытарыяльнымі грамадамі пакрыта ўся тэрыторыя Украіны акрамя Аўтаномнай Рэспублікі Крым, дзе яны будуць утварацца ўжо пасля дэакупацыі.