Класіцызм
From Wikipedia, the free encyclopedia
Класіцы́зм (фр.: classicisme, ад лац.: classicus — узорны) — стыль і мастацкі кірунак у літаратуры, архітэктуры і мастацтве XVII — пачатку XIX стагоддзяў. Класіцызм пераемна звязаны з эпохай Адраджэння; заняў, нароўні з барока, важнае месца ў культуры XVII стагоддзя; працягваў сваё развіццё ў эпоху Асветніцтва. Зараджэнне і распаўсюджванне класіцызму звязана з умацаваннем абсалютнай манархіі, з уплывам філасофіі Рэнэ Дэкарта, з развіццём дакладных навук. У аснове рацыяналістычнай эстэтыкі класіцызму — імкненне да ўраўнаважанасці, выразнасці, лагічнасці мастацкага выражэння (шмат у чым успрынятае з эстэтыкі Адраджэння); перакананасць у існаванні ўніверсальных і вечных, не схільных гістарычных змен правіл мастацкай творчасці, якія тлумачацца як уменне, майстэрства, а не праявы спантанага натхнення ці самавыяўлення[1].
Успрыняўшы ідэю творчасці як пераймання прыроды, якая ўзыходзіла да Арыстоцеля, класіцысты разумелі прыроду як ідэальную норму, якая ўжо атрымала ўвасабленне ў творах антычных майстроў і пісьменнікаў: арыентацыя на «цудоўную прыроду», змененую і спарадкаваную ў адпаведнасці з непарушнымі законамі мастацтва, такім чынам, мела на ўвазе перайманне антычных узораў і нават спаборніцтва з імі. Класіцызм, які развіваў ідэю мастацтва як рацыянальнай дзейнасці, што базіруецца на вечных катэгорыях «прыгожага», «мэтазгоднага» і да т.п., больш за іншыя мастацкія кірункі спрыяў зараджэнню эстэтыкі як абагульняючай навукі пра прыгожае[1].
Цэнтральнае паняцце класіцызму — праўдападабенства — не мела на ўвазе дакладнай перадачы эмпірычнай рэальнасці: свет перадаецца не такім, які ён ёсць, але якім ён мусіць быць. Перавага ўніверсальнай нормы як «належнага» ўсяму прыватнаму, выпадковаму, пэўнаму адпавядае ідэалогіі абсалютысцкай дзяржавы, якая выказваецца класіцызмам і ў якой усё асабістае і прыватнае падпарадкавана беспярэчнай волі дзяржаўнай улады. Класіцыст адлюстроўваў не пэўную, адзінкавую асобу, але абстрактнага чалавека ў сітуацыі ўніверсальнага, пазагістарычнага маральнага канфлікту; адсюль арыентацыя класіцыстаў на антычную міфалогію як увасабленне ўніверсальных ведаў пра свет і чалавека. Этычны ідэал класіцызму мае на ўвазе, з аднаго боку, падпарадкаванне асабістага агульнаму, жаданняў — абавязку, розуму, устойлівасць перад зменлівасцю быцця; з іншага — стрыманасць у праяве пачуццяў, выкананне меры, дарэчнасць, уменне падабацца[1].
Класіцызм строга падпарадкоўваў творчасць правілам жанрава-стылявой іерархіі. Размяжоўваліся «высокія» (напрыклад, эпапея, трагедыя, ода — у літаратуры; гістарычны, рэлігійны, міфалагічны жанр, партрэт — у жывапісе) і «нізкія» (сатыра, камедыя, байка; нацюрморт у жывапісе) жанры, якім адпавядалі пэўны стыль, кола тэм і герояў; прадпісвалася выразнае размежаванне трагічнага і камічнага, узнёслага і нізкага, гераічнага і штодзённага[1].
З сярэдзіны XVIII стагоддзя класіцызм паступова выцясняўся новымі цячэннямі — сентыменталізмам, перадрамантызмам, рамантызмам. Традыцыі класіцызму ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў былі ўваскрэшаны ў неакласіцызме[1].
Тэрмін «класіцызм», які ўзыходзіць да паняцця класікі (узорныя пісьменнікі), упершыню выкарыстаў у 1818 годзе італьянскі крытык Г. Вісконці. Шырока выкарыстоўваўся ў палеміцы класіцыстаў і рамантыкаў, прычым у рамантыкаў (Ж. дэ Сталь, В. Гюго і інш.) меў негатыўную афарбоўку: класіцызм і класікі, якія пераймалі антычнасць, супрацьпастаўляліся наватарскай рамантычнай літаратуры. У літаратуразнаўстве і мастацтвазнаўстве паняцце «класіцызм» стала актыўна выкарыстоўвацца пасля прац навукоўцаў культурна-гістарычнай школы і Г. Вёльфліна[1].
Стылістычныя тэндэнцыі, аналагічныя класіцызму XVII—XVIII стагоддзяў, угледжваюцца некаторымі навукоўцамі і ў іншых эпохах; у гэтым выпадку паняцце «класіцызм» тлумачыцца ў шырокім сэнсе, абазначаючы стылістычную канстанту, якая перыядычна актуалізуецца на розных стадыях гісторыі мастацтва і літаратуры (напрыклад, «антычны класіцызм», «рэнесансны класіцызм»)[1].