Лятучы ўніверсітэт (Польшча)
былыя польскія падпольныя адукацыйныя ініцыятывы (1885—1905, 1977—1981) / From Wikipedia, the free encyclopedia
Лятучы ўніверсітэт (польск.: Uniwersytet Latający) — польскія падпольныя адукацыйныя[1] ініцыятывы[2], якія дзейнічалі: за часам Расійскай імперыі ў 1885—1905 гадах — у Варшаве, а потым адноўленым чынам у перыяд 1977—1981 гадоў — у Польскай Народнай Рэспубліцы.
Мэтай стварэння гэтай і падобных інстытуцый было прадстаўленне польскай моладзі магчымасці атрымоўваць адукацыю ў рамках нацыянальнай навуковай традыцыі, непадкантрольную ідэалагічным устаноўкам дзеючых уладаў. У XIX стагоддзі такога кшталту ініцыятывы адыгралі важную ролю ў нацыянальным памкненні супрацьстаяць палітыцы германізацыі і русіфікацыі пазбаўленай сваёй дзяржаўнасці Польшчы, якую здзяйснялі германскія і расійскія ўлады[3]. За часам камуністычнай Польскай Народнай Рэспубліцы Лятучы ўніверсітэт даваў магчымасць атрымоўваць адукацыю па-за дзяржаўнай цэнзурай і кантролем[4].