Пітэр Паўль Рубенс
From Wikipedia, the free encyclopedia
Пі́тэр Па́ўль Ру́бенс (нідэрл.: Pieter Paul Rubens, МФА: [ˈpitər 'pʌul 'rybə(n)s]; 28 чэрвеня 1577[1][2], Зіген, правінцыя Вестфалія[3][4][…] — 30 мая 1640(1640-05-30)[5][6][…], Антверпен, Герцагства Брабант[7]) — нідэрландскі (фламандскі) жывапісец, адзін з заснавальнікаў мастацтва барока, дыпламат, калекцыянер. Творчая спадчына Рубенса налічвае каля 3 000 карцін, значная іх частка створана ў супрацоўніцтве з вучнямі і калегамі, найбольш вядомы з іх Антоніс ван Дэйк. Паводле каталога Майкла Джафэ вядома 1 403 аўтэнтычных палотнаў[10]. Захавалася вялікае ліставанне Рубенса, пераважна дыпламатычнае. Узведзены ў арыстакратычнае саслоўе іспанскім каралём Філіпам IV (1624) і атрымаў рыцарства ад англійскага караля Карла I (1630) з уключэннем геральдычнага льва[en] ў асабісты герб. З набыццём у 1635 годзе замка Стэен у Элевейтэ Рубенс атрымаў тытул сеньёра[be-x-old].
Творчасць Рубенса — арганічны сплаў традыцый брэйгелеўскага рэалізму з дасягненнямі венецыянскай школы. Рубенс спецыялізаваўся на рэлігійным жывапісе (у тым ліку алтарных абразах), пісаў карціны на міфалагічныя і алегарычныя сюжэты, партрэты (ад гэтага жанру ён адмовіўся ў апошнія гады жыцця), краявіды і гістарычныя палотны, рабіў таксама эскізы для шпалер і кніжных ілюстрацый. У тэхніцы алейнага жывапісу Рубенс быў адным з апошніх мастакоў, якія выкарыстоўвалі драўляныя панэлі для станковых твораў[ru], нават вельмі вялікіх памераў.