Чарадзейныя казкі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Чарадзе́йныя ка́зкі — жанравая разнавіднасць казачнага эпасу; казкі з тыповымі сюжэтамі, матывамі, будовай, дзе прысутнічаюць чарадзейства, незвычайныя героі, змагаюцца сілы дабра і зла, але заўсёды перамагае справядлівасць. Міжнародныя паказальнікі казачных сюжэтаў (руск.) (бел. адносяць чарадзейныя казкі да «ўласна казак». У іх аснове міфічнае светаўспрыманне, адметная сістэма вобразаў, у якой звычайна супрацьпастаўлены асілкі, іх памочнікі і іх ворагі, што увасабляюць варожыя людзям сілы.
Існуюць розныя схемы класіфікацыі і падзелу чарадзейных казак на сюжэтна-тэматычныя групы. Першая група аб'ядноўвае казкі героіка-фантастычнага зместу, творы маштабныя, прасякнутыя пафасам барацьбы з варожымі народу сіламі (Цмок, Кашч і інш). Іх галоўныя героі асілкі — змагары за праўду, справядлівасць, абаронцы пакрыўджаных (Кацігарошак, Івашка Мядзведжае Вушка, Іван Удовін сын). У другую групу ўваходзяць чарадзейныя казкі, пабудаваныя на сямейных калізіях. Яны маюць шмат агульных рыс у змесце, сістэме вобразаў, паэтыцы. Важнае месца ў гэтых казках займае матыў здабывання чарадзейнай жонкі, з дапамогай якой герой пазбаўляецца галечы і помсціць свайму крыўдзіцелю («Няшчасны егер», «Іван Васілевіч стралок» і інш.). Да гэтай групы адносяцца казкі, у якіх мастацкія вобразы звязаны з татэмістычнымі вераваннямі («Царэўна-жаба», «Сястрыца Алёнушка і брацец Іванушка», «Рак-царэвіч»), а таксама казкі пра бязвінна пакрыўджаных сірот. Да трэцяй групы адносяцца чарадзейныя казкі, што адлюстравалі народныя ўяўленні аб праўдзе, крыўдзе, горы, лёсе, смерці, якія персаніфікуюцца, дапамагаюць раскрыць іх глыбінны сэнс.
Узніклі ў дакласавы і раннекласавы перыяд грамадства, што характарызуецца моцнай залежнасцю чалавека ад навакольнай прыроды, розныя з'явы якой ён адухаўляў, надзяляў уласнымі гіпербалізаванымі якасцямі. На гэтай ступені развіцця грамадскай свядомасці розным народам уласціва міфалагізаваны, г.зн. бессвядома-мастацкая перапрацоўка прыроды і грамадскіх адносін у фантазіі і пры дапамозе фантазіі. Міфалогія склала светапоглядную аснову чарадзейных казак, фантастыка якіх адпавядала агульнаму ўзроўню грамадскай свядомасці, таму абапіралася на элементы татэмізму, анімізму, фетышызму і інш. вераванняў старажытнасці. Мастацкая выдумка казак не адрывалася ад жыцця. У многіх з іх увасоблены малюнкі сялянскай працы, якую героі самі або з дапамогай цудоўных памочнікаў робяць вельмі хутка, прыгожа і вынікова. Аднак сувязь працоўнага пачатку і мастацтва не з'яўляецца непасрэднай і просталінейнай, і чым больш казка аддаляецца ад сваіх вытокаў, тым больш апасродкаваны характар яна набывае.