Японія
астраўная краіна ва Усходняй Азіі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Японія або Дзяржава Японія (яп.: 日本, Nihon ці Nippon) — астраўная дзяржава ва Усходняй Азіі на астравах паўночна-заходняй часткі Ціхага акіяна на ўсходзе ад Кітая і Карэі, чацвёртая па памерах астраўная дзяржава свету (пасля Інданезіі, Мадагаскара і Папуа — Новай Гвінеі). У склад Японіі ўваходзіць больш за 6 800 астравоў, найвялікшыя з якіх — Хакайда, Хонсю, Сікоку, Кюсю.
| |||||
Гімн: «君が代» | |||||
Заснавана | 11 лютага 660 да н.э.[1] | ||||
Афіцыйная мова | Японская[2] | ||||
Сталіца | Токіа | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Токіа, Іакагама, Осака | ||||
Форма кіравання | канстытуцыйная манархія | ||||
Імператар Прэм’ер-міністр | Нарухіта Фуміа Кісіда | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні | 377.944[3] км² 0,8 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2019) • Перапіс (2010) • Шчыльнасць | 126.320.000[4] чал. (11-я) 128.056.026 чал. 334,2 чал./км² (41-я) | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2018) • На душу насельніцтва |
$5,632 трлн (4-ы) $44.500 (27-ы) | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2014) • На душу насельніцтва |
$5,228 трлн (3-ы) $41.150 (23-ы) | ||||
ІРЧП (2018) | ▲0,915[5] (вельмі высокі) (10-ы) | ||||
Этнахаронім | Японцы | ||||
Валюта | Іена (¥, JPY) | ||||
Інтэрнэт-дамен | .jp | ||||
Код ISO (Alpha-2) | JP | ||||
Код ISO (Alpha-3) | JPN | ||||
Код МАК | JPN | ||||
Тэлефонны код | +81 | ||||
Часавыя паясы | +9 |
Становішча Японсіх астравоў на сутыку літасферных пліт вызначае гарысты характар, сейсмічнасць і вулканізм тэрыторыі. Клімат астравоў умераны і субтрапічны мусонны, спрыяльны для жыцця. Рэкі кароткія, але паўнаводныя, багатыя на гідраэнергію. Дзве траціны плошчы Японіі пакрыта хваёвымі і шыракалістымі лясамі. Багаты і разнастайны жывёльны свет астравоў.
Японскія астравы населены ад часу верхняга палеаліту. Першыя ўзгадкі пра Японію ў кітайскіх летапісах адносяцца да І стагоддзя н.э. Кітайская цывілізыя аказала вялікі ўплыў на Японію. У XIII стагоддзі Японія двойчы ўратавалася ад мангольскага ярма. Нядоўгія кантакты з еўрапейцамі, што пачаліся ў XVI стагоддзі, скончыліся працяглым перыядам ізаляцыі. У сярэдзіне XIX стагоддзя Японія стала на шлях адкрытасці, мадэрнізацыі і экспансіі. Паражэнне у Другой сусветнай вайне прывяло да страты ўсіх калоній. У 1945 годзе Японія стала першай і апошняй краінай, супраць якой была прыменена атамная зброя.
Сённяшняя Японія — дэмакратычная канстытуцыйная манархія на чале з адзіным у свеце імператарам. Японія — унітарная краіна, дзеліцца на 47 прэфектур. Сучасная афіцыйная назва краіны — «Ніхон коку» або «Ніпон коку» (日本国).
З насельніцтвам 126 млн чалавек мае 11 месца ў спісе самых населеных краін свету. 80 % насельніцтва жыве на востраве Хонсю. У Японіі самая высокая ў свеце працягласць жыцця (84,5 гады ў 2018) і адзін з самых нізкіх паказчыкаў дзіцячай смяротнасці. Монанацыянальная краіна: 99 % насельніцтва складаюць японцы. Сталіца — горад Токіа — разам з прылеглымі гарадамі ўтварае найвялікушую ў свеце агламерацыю з насельніцтвам каля 38 млн чал.
Высокаразвітая краіна. Па паказчыку намінальнага ВУПу саступае толькі ЗША і Кітаю, па парытэце пакупніцкай здольнасці — яшчэ і Індыі. Займае другое месца ў свеце па ўзроўні развіцця прамысловасці пасля ЗША. Рабочыя японскіх прадпрыемстваў атрымліваюць найвышэйшы ў свеце сярэдні заробак. Вялікая дзяржава сучаснага свету, Японія ўваходзіць у Вялікую сямёрку, G20, АЭСР, а таксама рэгулярна абіраецца нясталым членам Савета Бяспекі ААН. На рэгіянальным узроўні ўваходзіць у АЦЭС, падтрымлівае фармат АСЕАН +3. Хоць Японія афіцыйна адмовілася ад свайго права аб’яўляць вайну, яна мае вялікую сучасную армію, якая выкарыстоўваецца ў мэтах самаабароны і ў міратворчых аперацыях.