Грэнляндзкая мова
From Wikipedia, the free encyclopedia
Грэнля́ндзкая мова (таксама грэнляндзкая эскімоская, саманазва: Kalaallisut) — мова інуіцкае групы эскімоскае галіны эскімоска-алеуцкае сям’і, на якой размаўляюць грэнляндцы. Афіцыйная мова Грэнляндыі — аўтаномнага ўтварэньня на востраве Грэнляндыя, якое ўваходзіць у склад Даніі. Колькасьць носьбітаў — прыкладна 57 тыс. чал.[4] Лінгвістычна блізкая інуіцкім мовам Канады, такім як інуктытут. Распаўсюджаная ўсходнім, паўднёва-заходнім і паўночна-заходнім узьбярэжжам Грэнляндыі.
Грэнляндзкая мова | |
Kalaallisut | |
Інуіцкія мовы й дыялекты на мапе Паўночнай Амэрыкі. Дыялекты грэнляндзкае мовы — яскрава-блакітным, карычневым і шэрым | |
Ужываецца ў | Даніі |
---|---|
Рэгіён | Грэнляндыя |
Колькасьць карыстальнікаў |
|
Клясыфікацыя | Эскімоска-алеуцкая сям'я
|
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Грэнляндыі[1] |
Рэгулюецца | Сакратарыятам па грэнляндзкай мове[2] |
Статус: | 1 дзяржаўная[d][3] |
Пісьмо | лацінскае пісьмо, Eskimo alphabet[d] і Scandinavian Braille[d] |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | kl |
ISO 639-2(Б) | kal |
ISO 639-2(Т) | kal |
ISO 639-3 | kal |
Мае некалькі дыялектаў, зь якіх літаратурным лічыцца заходні, ён быў афіцыйнай мовай Грэнляндыі з чэрвеня 2009. Іншыя дыялекты — усходні ды палярны.
Да 1 чэрвеня 2009 году грэнляндзкая была адной з афіцыйных моваў Грэнляндыі побач з дацкай. З 1 чэрвеня гэтага ж году грэнляндзкая сталася адзінай афіцыйнай мовай аўтаномнага рэгіёну, аднак большасьць прадметаў у адзіным мясцовым унівэрсытэце выкладаецца на дацкай мове.
Грэнляндзкая зьяўляецца полісынтэтычнай мовай, у якой карані ды суфіксы могуць дадавацца да слова ў вельмі вялікай колькасьці, робячы словы вельмі працяглымі. Стратэгія кадаваньня дзеяслоўных актантаў у мове эргатыўная — суб’ект непераходнага дзеяслову маркіруецца гэтак жа, як і аб’ект пераходнага дзеяслову, пры гэтым адрозьніваецца ад агенсу (аб’екту) пераходнага дзеяслову.
Назоўнікі зьмяняюцца паводле васьмі склонаў і маюць прыналежную форму. Дзеяслоў зьмяняецца паводле васьмі ладаў, узгадняецца з дапаўненьнем і дзейнікам у асобе й ліку. Назоўнікі і дзеясловы маюць складаную сыстэму словаўтварэньня. Асноўны парадак словаў у пераходным сказе — SOV (дзейнік-дапаўненьне-выказьнік). Падпарадкавальныя сувязі ўтвараюцца пры дапамозе асаблівых падпарадкавальных ладаў. Г.зв. «чацьвертая асоба» дазваляе маркіраваць суб’екты галоўнага й дадатковага сказу. У грэнляндзкай мове адсутнічае сыстэма граматычнага часу — часавыя зносіны звычайна выражаюцца кантэкстуальна шляхам часавых часьцінаў накшталт «учора», «цяпер» і г. д., альбо з дапамогаю суфіксаў або афіксаў зь відавымі значэньнямі і зьдзяйсьняльнасьцю розных дзеясловаў. На думку некаторых лінгвістаў, аднак, грэнляндзкі будучы час маркіруецца ў абавязковым парадку. Іншы прадмет дыскусіяў — наяўнасьць у грэнляндзкай інкарпарацыі: дэрывацыйнага працэсу стварэньня складаных прэдыкатаў зь іменнымі каранямі.
Пры сутыкненьні з новымі зьявамі, тэхналёгіямі, прадметамі і г. д. носьбіты грэнляндзкай мовы звычайна ўтвараюць новыя словы са спрадвечных каранёў, хоць у сучаснай грэнляндзкай існуе вялікая дзеля запазычваньняў дацкага ды ангельскага паходжаньня.
Грэнляндзкая мова выкарыстоўвае ў пісьмовасьці лацінскі альфабэт з пачатку калянізацыі ў XVII ст. Першая артаграфія створаная пратэстанцкім місіянэрам Самуілам Кляйншмітам у 1851 годзе, аднак праз стагодзьдзе яна стала сур’ёзна адрозьнівацца ад размоўнае мовы. У 1973 годзе адбылася фуднамэнтальная артаграфічная рэформа, якая спросьціла навучаньне мовы, што ў сваю чаргу прывяло рэзкага падвышэньня адсотку пісьменнага насельніцтва і падняцьця яго да адных з найвышэйшых у сьвеце[5]. 100% грэнляндцаў на цяперашні час пісьменныя[6].