Трыццацігадовая вайна — ваенны канфлікт за гегемонію ў Свяшчэннай Рымскай імперыі і Еўропе, які доўжыўся з 1618 па 1648 год і закрануў у той ці іншай ступені практычна ўсе еўрапейскія краіны. Вайна пачалася як рэлігійнае сутыкненне паміж пратэстантамі і каталікамі імперыі, але затым перарасла ў барацьбу супраць дамінавання Габсбургаў у Еўропе. Канфлікт стаў апошняй буйной рэлігійнай вайной у Еўропе і спарадзіў вестфальскую сістэму міжнародных адносін.
Хуткія факты Трыццацігадовая вайна, Дата ...
Закрыць
Вайна пачалася пасля Пражскай дэфенестрацыі 23 мая 1618 года, якая адзначыла сабой пачатак паўстання чэшскіх саслоўяў, накіраванага супраць спроб рэкаталізацыі з боку чэшскага караля, які належаў да дому Габсбургаў. Баявыя дзеянні, якія рушылі ў след за гэтым, дзеляць на чатыры буйныя перыяды, якія завуцца па асноўных праціўніках імператара: чэшска-пфальцкі, дацкі, шведскі і франка-шведскі. Дзве спробы спынення канфлікту — Любекскі мір (1629) і Пражскі мір (1635) — скончыліся беспаспяхова, паколькі не ўлічвалі інтарэсаў усіх прама ці ўскосна зацікаўленых бакоў. Гэта ўдалося толькі ўсееўрапейскаму Вестфальскаму мірнаму кангрэсу (1641—1648). Вестфальскі мір 24 кастрычніка 1648 года зафіксаваў новы баланс сіл паміж імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі і імперскімі саслоўямі і вызначыў канстытуцыйныя рамкі, якія дзейнічалі ў імперыі да яе распаду ў 1806 годзе. Рэспубліка Злучаных правінцый і Швейцарскі саюз сталі незалежнымі дзяржавамі і выйшлі са складу імперыі.
Баявыя дзеянні Трыццацігадовай вайны адбываліся ў Цэнтральнай Еўропе, галоўным чынам на тэрыторыі сучаснай Германіі. Як самі баявыя дзеянні, так і выкліканыя імі голад і эпідэміі спустошылі цэлыя рэгіёны. У Паўднёвай Германіі вайну перажыла толькі траціна насельніцтва. Шматлікім абласцям спатрэбілася больш за стагоддзе, каб аправіцца ад наступстваў выкліканага вайной эканамічнага і сацыяльнага заняпаду.