Я́дзерная фі́зіка — раздзел фізікі, які ўключае эксперыментальныя і тэарэтычныя даследаванні ў галіне атамных ядзер і элементарных часціц. Падзяляецца на ядзерную фізіку нізкіх і высокіх энергій. Ядзерная фізіка нізкіх энергій даследуе працэсы, у якіх энергія ўзбуджэння атамнага ядра не перавышае некалькіх дзясяткаў мегаэлектронвольт. Ядзерная фізіка высокіх энергій (энергіі некалькіх соцень мегаэлектронвольт і больш) вывучае пераважна пытанні, звязаныя са структурай элементарных часціц. Асноўныя раздзелы ядзернай фізікі: ядзерная спектраскапія, ядзерныя рэакцыі, фізіка элементарных часціц, нейтронная фізіка, фізіка паскаральнікаў і інш.
Хуткія факты Асноўныя тэрміны, Распад ядраў ...
Закрыць
Задачы, якія ўзнікаюць у ядзернай фізіцы, — гэта тыповы прыклад задач некалькіх цел. Ядры складаюцца з нуклонаў (такіх, як пратон і нейтрон), і ў тыповых ядрах утрымліваюцца дзясяткі і сотні нуклонаў. Гэтая колькасць занадта вялікая для дакладна вырашаемых задач, але занадта малая для таго, каб можна было карыстацца метадамі статыстычнай фізікі. Гэта і прывяло да вялікай разнастайнасці розных мадэлей атамных ядраў.